Былая палітзьняволеная Ганна Кандраценка памерла ад раку пасьля вызваленьня

Ілюстрацыйная выява

Былая палітзьняволеная Ганна Кандраценка, якая выйшла на волю 20 чэрвеня 2024 году, памерла з прычыны анкалягічнага захворваньня.

Пра сьмерць паведаміла выданьне «Наша Ніва». Ганна Кандраценка памерла 5 лютага. Жанчыне было 39 гадоў.

Крыніцы Свабоды пацьвердзілі гэтую сьмерць. З сваякоў у яе ў вёсцы Вайнілы Чавускага раёну засталіся хворая маці і пляменьнік. Апошнія паўгода яна жыла з маці, змагалася з хваробай.

Ганну Кандраценку затрымалі 5 траўня 2022 году. 12 ліпеня суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 368 («абраза Лукашэнкі»), 369 («абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («абраза судзьдзі або народнага асэсара»). Яе пакаралі на тры гады пазбаўленьня волі і штрафам у 100 базавых велічыняў (3200 рублёў).

Дыягназ Ганьне Кандраценцы паставілі ў зьняволеньні, піша Вясна. У калёніі ў яе дыягнаставалі рак шыйкі маткі. Няглядзячы на цяжкую хваробу, Кандраценку ня вызвалілі датэрмінова.

11 ліпеня 2023 году суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прызначыў ёй яшчэ адзін год зьняволеньня паводле арт. 369 КК, сума штрафу склала 50 базавых адзінак (1850 рублёў). Праз паглынаньне пакараньняў тэрмін зьняволеньня застаўся ранейшым — тры гады.

Прычынай перасьледу, падобна, сталі камэнтары ў інтэрнэце.

Зазулінская: Час у няволі — час безь лячэньня і клопату

Вольга Зазулінская, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы АПК, з гэтай нагоды заявіла:

«Былая палітзьняволеная Ганна Кандраценка не дажыла некалькі месяцаў да свайго 40-годзьдзя. Яна памерла 5 лютага. Яшчэ ў калёніі ў яе дыягнаставалі анкалёгію. І нават тады Ганну не вызвалілі датэрмінова.

Пайшла з жыцьця маладая жанчына — і ўжо гэта балюча. Балюча, што гэта адбылося праз несправядлівасьць і цяжкую хваробу. Праз малую падтрымку, выпрабаваньні, што ня скончыліся і пасьля тэрміну».

Зазулінская заклікала зьвязвацца з АПК, калі вядома пра былых палітзьняволеных, якім патрабуецца дапамога:

«Мы будзем імкнуцца падтрымаць іх усімі магчымымі спосабамі. Вызваленьне палітвязьняў ня можа чакаць. Як і ня можа чакаць іх рэабілітацыя пасьля вызваленьня. Час у няволі — час безь лячэньня і клопату. А іншы раз — і бяз шанцу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я ня выключае, што яго забілі. Што гавораць у вёсцы, адкуль паходзіў расеец, які загінуў у беларускай турме

22-гадовы палітвязень, грамадзянін Расеі Дзьмітрый Шлетгаўэр памёр у магілёўскай калёніі 11 кастрычніка 2024 году, вядома пра гэта стала 1 лістапада.

Камэнтуючы гэты факт, афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана заявіў, што сьмерць чарговага палітвязьня ў Беларусі дэманструе «бесчалавечную прыроду» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя Шлетгаўэра, у 2022–2024 гадах у месцах няволі ў Беларусі памерлі яшчэ ня менш за шэсьць чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі.

Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандар Кулініч.

Усяго з 2020 году прынамсі 8234 чалавекі трапілі пад крымінальны перасьлед паводле палітычных матываў, ня менш як 6940 зь іх атрымалі выракі, не менш як 33 накіраваныя на прымусовае лячэньне, гаворыцца ў апублікаваным 6 траўня аглядзе праваабарончага цэнтру «Вясна».

На 12 сакавіка 2025 году праваабаронцы мелі інфармацыю пра нчя менш за 219 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі «ў асаблівай рызыцы». Прынамсі 78 чалавек маюць цяжкія захворваньні, 8 — інваліднасьць, 10 — мэнтальныя разлады, 32 — старэйшыя за 60 гадоў (многія зь іх таксама маюць праблемы здароўя).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве плянуюць правесьці выставу да 60-годзьдзя Алеся Пушкіна, зьбіраюць сродкі