Пакістан пачаў ваенную апэрацыю супраць Індыі, у ЗША заклікалі да дээскаляцыі

Пакістанская ракета Fatah- ІІ

Індыйская армія назвала дзеяньні Пакістана «непрымальнымі».

Пакістан пачаў ваенную аперацыю супраць Індыі пасьля абвінавачваньня яе ў ракетных ударах па трох пакістанскіх авіябазах вечарам 9 траўня.

Крыніцы ў пакістанскіх службах бясьпекі паведамілі радыёстанцыі «Машааль», што апэрацыя мае кодавую назву «Буньянун Марсус» (арабскае слова, узятае зь верша Карана, якое азначае «моцны слуп» — РС).

Прэм’ер-міністар Пакістана Шагбаз Шарыф склікаў экстранае пасяджэньне Нацыянальнага каманднага органа на 10 траўня. Гэты орган, сярод іншых функцый, таксама займаецца палітыкай у галіне ядзернай зброі.

«Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё пагаварыў з начальнікам арміі Пакістана гэнэралам Асімам Мунірам і заклікаў абодва бакі знайсьці спосабы дээскаляцыі», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША.

Рубіё таксама прапанаваў дапамогу ЗША ў пачатку «канструктыўных перамоваў», каб пазьбегнуць будучых канфліктаў, заявілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Міжведамаснае ўпраўленьне па сувязях з грамадзкасьцю Пакістана (ISPR) паведаміла пра зьнішчэньне склада, дзе захоўваліся індыйскія ракеты «Брахмас». Вайскоўцы заявілі, што таксама былі атакаваныя «некалькі іншых цэляў», у тым ліку аэрадром Патанкот і авіябаза Ўдхампур. Пакістан таксама заявіў, што выпусьціў ракеты Fatah 1 па дзьвюх індыйскіх авіябазах.

Індыйская армія назвала дзеяньні Пакістана «непрымальнымі»:

«Пакістан працягвае грубую эскаляцыю абставін з выкарыстаньнем беспілётнікаў і іншых боепрыпасаў уздоўж нашых заходніх межаў. У адным з такіх выпадкаў каля 5-й раніцы сёньня над Хаса Кант, Амрытсар, былі заўважаныя некалькі варожых узброеных бесьпілётнікаў. Варожыя бесьпілётнікі былі імгненна зьбітыя і зьнішчаныя нашымі падразьдзяленьнямі СПА», — гаворыцца ў паведамленьні.

Новыя напады пачаліся праз некалькі гадзін пасьля таго, як міністар замежных спраў Саудаўскай Арабіі пакінуў Пакістан. У заяве гаворыцца, што Адэль аль-Джубэйр знаходзіўся ў Ісламабадзе для сустрэчы з Шарыфам. Ён наведаў Індыю, а 9 траўня прыбыў у Ісламабад для перамоваў з пакістанскімі лідэрамі.

Некалькімі гадзінамі раней індыйскія войскі нанесьлі ўдары па цэлях у кантраляванай Пакістанам частцы Кашміра і пакістанскай правінцыі Пэнджаб.

Індыя заявіла, што нанесла «дакладныя ўдары» па «тэрарыстах» пасьля нападу ў кантраляваным Індыяй Кашміры два тыдні таму, у выніку якога загінулі 26 турыстаў, пераважна грамадзяне Індыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакістан і Індыя паведамляюць пра ахвяры ў выніку ўзаемных нападаў, у сьвеце выказваюць занепакоенасьць

Індыя раней заяўляла, што двое з трох падазраваных у гэтым нападзе былі грамадзянамі Пакістана, але не прадставіла доказаў гэтага. Пакістан адмаўляе сваю датычнасьць да забойстваў.

Пакістанскія вайскоўцы заявілі, што ў выніку ўдараў 7 траўня загінулі толькі мірныя жыхары, назваўшы 26 загінулых і 46 параненых.

Тым часам Пакістан заявіў, што зьбіў некалькі індыйскіх самалётаў, і абодва бакі працягвалі абстрэл уздоўж лініі кантролю — фактычнай мяжы ў Кашміры, — які працягваўся з моманту нападу ў красавіку.

Эскаляцыя выклікала трывогу ў Вашынгтоне, дзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго праінфармавалі аб сытуацыі, і выказаў надзею, што баявыя дзеяньні «скончацца вельмі хутка».

Кашмір — рэгіён, на які Індыя і Пакістан прэтэндуюць каля 80 гадоў. Частка рэгіёну на паўночным усходзе кантралюецца Кітаем. Дзяржавы змагаліся за гэтыя тэрыторыі шмат гадоў. Паводле зьвестак Amnesty International і Human Rights Watch, з канца 1980-х гадоў тут загінула больш за 45 000 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя бесьпілётнікамі атакавала Пакістан