Журналістаў, якія асьвятлялі працэс Севярынца і «Эўрапейскай Беларусі», адправілі ў ізалятар да суду

Перад будынкам суду, дзе адбываецца працэс, 12 траўня 2021

Уладзімера Лапцэвіча з інтэрнэт-выданьня «6 tv.by Магілёўскі рэгіён» ды Аляксандра Буракова, журналіста Deutsche Welle, вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, учыненым паўторна цягам году (ч.3 арт. 24.23 КаАП).

Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні склалі на іх у Ленінскім аддзеле міліцыі. Затрыманых адправілі ў ІЧУ да суду.

Лапцэвіча і Буракова затрымалі непадалёк ад Магілёўскага абласнога суду, дзе пачаўся працэс сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»: Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага Андрэя Войніча ды блогеркі Ірыны Шчаснай. Трапіць на працэс родныя абвінавачаных і журналісты не змаглі, бо судзьдзя Ірына Ланчава пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працэс супраць Севярынца і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» пачаўся з затрыманьня журналістаў. Родных у судовую залю не пусьцілі. ВІДЭА

Супрацоўнікі міліцыі загадалі групе падтрымкі падсудных пакінуць пляцоўку перад будынкам суду, іначай, пагражалі яны, іхную прысутнасьць расцэняць як несанкцыянаванае мерапрыемства. Калі людзі разышліся, журналістам «прапанавалі» прайсьці ў аўтобус зь сілавікамі. Некалькі гадзін іх трымалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі. Пратаколы складалі ў прысутнасьці адвакатаў.

З журналістамі быў затрыманы рэгіянальны каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў. Пра ягоны лёс зьвестак няма. Праваабаронцы дапускаюць, што яго таксама адправілі ў ізалятар да суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 праваабарончых арганізацыяў Беларусі патрабуюць выкананьня права на абарону

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.