Фінансавы рэгулятар Швэцыі аштрафаваў найбуйнейшы банк краіны Swedbank на рэкордныя 400 мільёнаў даляраў за сур’ёзныя прабелы ў сыстэме барацьбы з адмываньнем грошай, — перадае Financial Times.
У пачатку мінулага году расьсьледаваньне выявіла, што праз эстонскае падразьдзяленьне банку былі праведзеныя высокарызыкоўныя апэрацыі на 145 мільярдаў даляраў, пераважна — ад кліентаў з Расеі.
Расьсьледаваньне паказала, што кіраўніцтва Swedbank ведала пра магчымыя апэрацыі па адмываньні грошай у сваім падразьдзяленьні. Пры гэтым кіраўніцтва банку, нягледзячы на шматлікія ўнутраныя і вонкавыя сыгналы, не прыняла неабходных захадаў, каб спыніць незаконныя апэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія спэцслужбы выкарыстоўвалі Эстонію для фінансаваньня замежных апэрацыйРасьсьледаваньне грамадзкага швэдзкага каналу SVT паказала, што праз банк маглі адмывацца грошы, зьвязаныя са справай юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага. Яго сьмерць у СІЗА ў Маскве прывяла да ўвядзеньня жорсткіх санкцый супраць расейскіх чыноўнікаў, праўдападобна, зьвязаных з карупцыяй.
Скандал у Swedbank прывёў да адстаўкі яго кіраўніка і многіх членаў рады дырэктараў. Расьсьледаваньне супраць арганізацыі праводзяць таксама ўлады ЗША.