Расейскі бізнэсовец Барыс Ратэнбэрг, уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прайграў у Фінляндыі пазоў супраць чатырох скандынаўскіх банкаў, якія адмовіліся абслугоўваць ягоныя рахункі. Пра гэта паведамляе Reuters.
Па рашэньні акруговага суду ў Хэльсынкі, Ратэнбэрг будзе абавязаны аплаціць судовыя выдаткі ў памеры 530 тысяч эўра. Раней бізнэсовец ужо прайграў суд у першай інстанцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арыентацыя на Іран была стратэгічнай памылкай Менску, якая стварыла Беларусі вельмі шмат праблемаў»Ратэнбэрг, які, апроч расейскага, мае грамадзянства Фінляндыі, сьцьвярджаў, што як грамадзянін Эўразьвязу стаў ахвярай дыскрымінацыі, і патрабаваў ад чатырох банкаў — Nordea, Danske Bank, Handelsbanken і OP Bank — аднавіць абслугоўваньне рахункаў, зьвязаных з ягонай сям’ёй, і выплаціць кампэнсацыю.
Суд у сваім рашэньні адзначыў, што Ратэнбэрг не пражывае пастаянна на тэрыторыі Эўрапейскай эканамічнай прасторы (якая аб’ядноўвае Эўразьвяз і краіны Эўропы, якія у яго не ўваходзяць), а таксама прызнаў абгрунтаванымі асьцярогі банкаў, што абслугоўваньне рахункаў Ратэнбэрга можа нанесьці ім шкоду. Санкцыі ЗША прадугледжваюць забарону на аказаньне уключаным у санкцыйны сьпіс асобам банкаўскіх паслуг пад пагрозай разрыву адносін з амэрыканскімі банкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Эўразьвязу прызнаў неабгрунтаванай частку санкцыяў супраць расейскага мільярдэра РатэнбэргаЯк заявіў яшчэ да рашэньня суду агенцтву Bloomberg юрыст Якаб Бэрнхафт, які спэцыялізуецца судах пра адмываньне грошай, рашэньне можа стаць прэцэдэнтам. На ягоную думку, іншыя банкі будуць арыентавацца на рашэньне фінскага суду ў аналягічных сытуацыях
Барыс Ратенбэрг быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША яшчэ ў сакавіку 2014 году, у сувязі з анэксіяй Крыму і агрэсіўнымі дзеяньнямі Крамля ў адносінах да Ўкраіны. Яго ўключэньне ў сьпіс абгрунтавалі блізкасьцю да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. У санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, у адрозьненьне ад свайго брата Аркадзя, Барыс Ратэнбэрг ня трапіў.
Ратенбэрг зь юнацкіх гадоў знаёмы з Пуціным, займаўся з ім у адной сэкцыі дзюдо. Ён зьяўляецца саўладальнікам і чальцом рады дырэктараў расейскага СМП Банка і віцэ-прэзыдэнтам Фэдэрацыі дзюдо Расеі. Яму (часта разам зь іншымі членамі сям’і Ратэнбэргаў) належаць актывы ў розных галінах, у тым ліку нафтагазавым сэктары і будаўнічым бізнэсе.