28 студзеня ў менскім клюбе «Бругге» актывісты незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт паставяць спэктакль «Малы і Карлсан з даху». Падчас яго будзе арганізаваны збор сродкаў і рэчаў для дзіцячых дамоў.
«Мы самі ўсё зрабілі. Акторы ўсе з „Маладога Фронту“, рэжысёр, я сцэнар сама пісала па кнізе, адаптавала тэкст для пастаноўкі, — расказвае Свабодзе кіраўніца праэкту Хрысьціна Самойлава. — Нават дэкарацыі самі малявалі і рабілі, усё сваімі рукамі. Хочам такім чынам сабраць грошы і рэчы для дзяцей».
Фота facebook.com/palchys
«Малы і Карлсан» — трылёгія швэдскай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн, выдадзеная ў сярэдзіне 20 стагоддзя. У творы расказваецца пра сяброўства малога хлопчыка і незвычайнага жыхара стакгольмскіх дахаў. Кнігі пра іх прыгоды перакладзеныя на многія мовы сьвету, у 2007 годзе выйшла кніга «Малы і Карлсан-з-даху» па-беларуску ў перакладзе Юрыя Жалезкі.