«Эканоміка РФ ня толькі не дэманструе прыкметаў выхаду з рэцэсіі, а яшчэ глыбей уціскаецца ў дно крызісу» — канстатуе маскоўская «Независимая газета» са спасылкай на апошняе дасьледаваньне Цэнтра разьвіцьця Вышэйшай школы эканомікі.
Паводле дасьледаваньня, за красавік і травень стан расейскай эканомікі рэзка пагоршыўся, нягледзячы на павышэньне коштаў на нафту, — адзначае «Независимая газета». Другі месяц запар ідзе падзеньне амаль ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасьці. Таваразварот падае ўжо 17 месяцаў запар, прычым асноўнае зьніжэньне ў траўні прыйшлося на харчовыя тавары. Дасьледчыкі лічаць гэта індыкатарам пагаршэньня дабрабыту найменш забясьпечаных слаёў насельніцтва. Пры гэтым інвэстыцыі ў асноўны капітал і ў сэктары, зьвязаныя з чалавечым капіталам (напрыклад, у адукацыю) у першым квартале 2016 года ўпалі больш чым на траціну.
Нягледзячы на такія несуцяшальныя паказчыкі, экспэрты лічаць, што расейскі ўрад ня будзе рэагаваць на чарговую нэгатыўную статыстыку з-за выбараў у Дзярждуму ў верасьні.
Такое меркаваньне выказаў загадчык катэдры дзяржкіраваньня Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту Руслан Абрамаў. «Народ палохаць ня будуць. Урад ужо прыняў антыкрызісныя меры ў мінулым годзе, за кошт пераразьмеркаваньня сродкаў розных праграм ідзе затыканьне дзірак. Пэрспэктывы могуць быць абвязаныя толькі са стратэгіяй, якую па даручэньні прэзыдэнта распрацоўвае кіраўнік Цэнтра стратэгічных распрацовак Аляксей Кудрын, але яна таксама будзе гатовая не раней лета наступнага года. Так што нам яшчэ трэба будзе перазімаваць на дне ў чаканьні пункту незвароту», — цытуе Абрамава «Независимая газета».
Трэба будзе перазімаваць на дне ў чаканьні пункту незвароту, — піша «Независимая газета».