Рубінаў распавёў пра самакіраваньне ад часоў ВКЛ

  • Ягор Маёрчык

Анатоль Рубінаў

10 чэрвеня ў славенскім горадзе Брдо праходзіць паседжаньне Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы. У яго межах адбыўся круглы стол “Беларусь: прагрэс лякальнай і мясцовай дэмакратыі і пэрспэктыва будучага супрацоўніцтва”.

Улады Беларусі на паседжаньні прадстаўляў Анатоль Рубінаў, намесьнік старшыні Савету ў справе супрацоўніцтва ў органах мясцовага самакіраваньня пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Выступаў ён на ангельскай мове.

Рубінаў прыгадаў, што самакіраваньне ў Беларусі мае даўнія традыцыі. Яно паходзіць ад Вялікага Княства Літоўскага, калі 50 гарадоў мелі самакіраваньне.

Прадстаўнік Нацыянальнага сходу ў сваім выступе неаднаразова падкрэсьліў, што Беларусь — эўрапейская краіна. Ён ня выключыў, што бліжэйшым часам парлямэнт краіны зьменіць беларускія законы, каб яны адпавядалі Эўрапейскай хартыі самакіраваньня.

Рубінаў запрасіў сябраў Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы наведаць Беларусь. Ён паабяцаў арганізаваць ім круглы стол па пытаньнях мясцовага самакіраваньня.

Плянавалася, што альтэрнатыўны погляд на сытуацыю ў Беларусі прадставіць кіраўнік фонду Льва Сапегі — Міраслаў Кобаса. Аднак ён ня змог прысутнічаць на Кангрэсе.

Свабода атрымала тэкст дакладу, які Кобаса меўся прадставіць удзельнікам сходу.

Некаторыя тэзы:

• “Па сутнасьці, захаваная савецкая сыстэма арганізацыі і дзейнасьці мясцовых органаў улады. Саветы дэпутатаў зьяўляюцца прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі”.

• “Юрыдычны статус мясцовых саветаў не дазваляе ім выконваць ролю самастойных і незалежных органаў публічнай улады, якія прадстаўляюць інтарэсы мясцовых грамадзянаў”.

• “Асноўныя пытаньні, якія закранаюць галоўныя інтарэсы грамадзянаў, знаходзяцца ў кампэтэнцыі выканаўчых камітэтаў”.

• “У мясцовых саветаў няма заканадаўча замацаванага права стварэньня саюзаў і асацыяцыяў мясцовага самакіраваньня”.

• “Шляхі рашэньня: Стварэньне асацыяцыі мясцовых органаў улады; мэтадычная, юрыдычная і фінансавая дапамога; адукацыйная дзейнасьць, накіраваная на тлумачэньне сутнасьці мясцовага самакіраваньня.

• Рашэньні, якія тычацца дзейнасьці мясцовых органаў улады і разьвіцьця мясцовага самакіраваньня, прымаюцца на верхніх узроўнях улады, вельмі часта непасрэдна самім прэзыдэнтам. Ад саміх мясцовых уладаў, на жаль, мала што залежыць“.