«Уцягваньне ў зьнешнеэканамічную дзейнасьць каля паловы ўсяго малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Беларусі забясьпечыла б прырост аб’ёмаў нашага экспарту на 25 мільярдаў даляраў», — заявіў 2 сакавіка міністар замежных спраў Уладзімер Макей на Асамблеі дзелавых колаў Беларусі ў Менску.
Свае спадзяваньні кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі падмацаваў наступнымі лічбамі. Доля суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, якія займаюцца зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю, складае менш за 18% ад іх агульнай колькасьці. Але гэтыя прадпрыемствы забясьпечваюць каля 40% беларускага экспарту.
Уладзімер Макей таксама паведаміў, што МЗС Беларусі рыхтуе праект указу, які максымальна забясьпечваў бы магчымасьці для дзелавых кантактаў з замежнымі партнэрамі:
«Актывізацыі кантактаў малога і сярэдняга бізнэсу з замежнымі партнэрамі магла б паслужыць лібэралізацыя візавага рэжыму. Мы гэта добра разумеем і ў гэтым кірунку працуем. Больш за тое, рыхтуем праект указу, які б максымальна забясьпечваў магчымасьці для дзелавых кантактаў з замежнымі партнэрамі. Бліжэйшым часам праект будзе перададзены на разгляд Аляксандру Лукашэнку».
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства, аднак, не захацеў падрабязна спыняцца на нормах новага ўказу. Ён спаслаўся на тое, што дакумэнт яшчэ абмяркоўваецца з зацікаўленымі бакамі.
Міністар заклікаў прадпрымальнікаў больш актыўна супрацоўнічаць зь беларускімі замежнымі ўстановамі і анансаваў падпісаньне пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж МЗС і Рэспубліканскай канфэдэрацыяй прадпрымальніцтва:
«Вядома ж, прадбачу ваша пытаньне пра фінансавы бок падтрымкі экспарту малога і сярэдняга бізнэсу. Але скажу прама, што на гэтым этапе магчымасьці дзяржавы, на жаль, вельмі абмежаваныя».
Эканаміст Міхась Залескі так пракамэнтаваў Свабодзе мроі міністра Макея:
«Вось некалі была вясна. І паехалі дзед з бабаю поле скародзіць. Едуць яны. І раптам — конь зайчыка напалохаў. Той з-пад куста скок. Аб камень галавой бэмц — і ляжыць.
Дзед зьлез з воза, узяў зайчыка за вушы і кажа бабе: „Павяртай каня. Навошта нам цяпер у зямлі калупацца. Будзем зайцамі гандляваць“.
Гэта, вядома, жарт. А насамрэч ёсьць прадпрыемствы малога бізнэсу, якія займаюцца вельмі вялікімі аб’ёмамі нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і г.д. Але ж гэтага ўсім не хапае. Што яны будуць прадаваць, гэтыя прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнэсу? А цяпер давайце зірнём на статыстыку. 95% беларускай вытворчасьці, якая экспартуецца, даюць толькі 200 прадпрыемстваў. 75% вытворчасьці на экспарт даюць 80 прадпрыемстваў. А 50% даюць усяго 17 прадпрыемстваў. Які яшчэ да гэтага трэба камэнтар?!»