Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі рэпартаж: Самалёт Мікалая Ключынскага


У выселенай пасьля Чарнобылю вёсцы Рудня-Дудзіцкая Чачэрскага раёну чвэрць стагодзьдзя бязвыезна жывуць Мікалай Ключынскі з жонкай Соняй. Яны адмовіліся ад перасяленьня, каб застацца каля свайго "кладаўя" — могілак па-тутэйшаму.

Чвэрць стагодзьдзя Ключынскія вучыліся выжываць сярод радыяцыі, сярод апусьцелай вёскі, у якой з ранейшых 98 двароў жывымі заставаліся тры. Летась апусьцелыя хаціны-прывіды спэцпрадпрыемства "Палесьсе" закапала ў зямлю, і цяпер "на паверхні" засталіся толькі хаты самога Мікалая Ключынскага й яго кума Паўла, цёзкі па прозьвішчы.

Соня і Мікалай Ключынскія

Улады настойваюць на высяленьні 80-гадовага Паўла Ключынскага. Ён атрымаў жылплошчу ў Гомелі й кампэнсацыю за вясковую хату, а пераяжджаць да сына ня хоча.

Мікалая Ключынскага ўлады і адміністрацыя зон адчужэньня не чапаюць. Жылплошчы на сябе й жонку ў чыстай зоне ён не прасіў, грашовай кампэнсацыі не патрабаваў.

Сядзіба Паўла
75-гадовы Мікалай кажа, што ані не шкадуе пра сваё рашэньне не пакідаць бацькаўшчыны:

"Я не шкадую ні грама: тут мае сваякі, тут мае карані на кладаўі засталіся. Думаў: ну як гэта на чужыну зьяжджаць? Ведаю, што ўсе тыя, што выехалі, хутка й памерлі. Мужчыны асабліва. І я вырашыў нікуды ня ехаць".

Гаспадар бярэ дазімэтар, кладзе яго на зямлю й замярае гама-фон. Прыбор паказвае 34 мікрарэнтгены — у два разы меней, чым у Брагіне, адкуль людзей, аднак, не высяляюць.

Мікалай заўважыў, што пасьля моцнага ветру й дажджу ўзровень радыяцыі каля хаты падвышаецца:

"Вецер вялікі — радыяцыя павялічваецца. Не нашмат, але павялічваецца. Дождж прайшоў — тое ж самае. Я думаю, што ў паветры пыл. Дождж яго зьбівае, вецер пыл прыносіць — і радыяцыя асядае ў нас".

Спадарыня Соня крыху шкадуе, што жыцьцё склалася так, але што ж зробіш: жонка за мужам, як нітка за іголкай. Сын іхні выехаў з заражанай вёскі — і тое добра.

Нядаўна Ключынскіх наведалі мэдыкі з Роўкавіцкай участковай лякарні:

Шпакі-суседзі
"Праверылі ціск, праверылі сэрца, узялі аналіз крыві на цукар. У яго ціск павышаны і ў мяне. Я й кажу лекарцы, што гэта ў нас павышана, што ўзімку мы мала рухаліся, не працавалі, вагу нават крыху набралі. А пойдзем працаваць на гарод — і ўсё адновіцца. Дамовіліся ў траўні прайсьці поўнае дасьледаваньне. Мы так і адказалі: гарод пасеем — і прыедзем".

Некаторы час пасьля чарнобыльскай катастрофы Ключынскія трымалі карову, сьвіней. Але малако й сьмятана былі заражаныя радыяцыяй нават звыш дапушчальнага ўзроўню, і гаспадары адмовіліся ад рагулі.

Трымаў карову толькі сусед Гулевіч, у якога не было яшчэ пэнсіі. Але два гады таму ён пакінуў вёску — перабраўся да дзяцей у Гомель.

У гаспадарцы Мікалая й Соні цяпер засталіся толькі куры ды сабака. Жывуць яны з гароду й аўталаўкі, якая два разы на тыдзень прывозіць харчы з Чачэрску.

Каб ня чуцца самотна, гаспадар пачаў ладзіць шпакоўні. Яны крыху замяняюць абязьлюднелую вёску. 50 хатак для шпакоў зрабіў пад стрэхамі хаты, ангара. Багата дамкоў для птушак вывесіў проста на дрэвах:

Птушыныя хаткі

"Люблю я птушак нашых. У мяне 12 сем’яў ластавак — кожны год вядуцца. А шпакоў 50 сем’яў. Гэта сто асобін. Яны ў гародзе ўсялякіх шкоднікаў зьнішчаюць. Сёлета са спазьненьнем прыляцелі. Сядаюць ля сваіх шпакоўняў і сьвішчуць: мы тут!".

Да пэнсіі Мікалай працаваў у раённым вузьле сувязі. Ставіў і абслугоўваў у вёсках тэлефоны. Пасьля чарнобыльскага перасяленьня стаў як бы навакольным старастам. Аўталаўка не прыехала — людзі ідуць да яго: выручай, тэлефануй у раён. Дарогу не пачысьцілі — падварушы дарожную службу.

Была, праўда, у Мікалая Ключынскага й свая юнацкая мара: зрабіць самалёт і з вышыні паглядзець на сваю зямлю, пакалечаную Чарнобылем. Самалёт ён пакрысе збудаваў. Заставалася толькі прыдбаць рухавік. Але акурат зь ім і была праблема.

Крылатая мара. Архіўнае фота

Урэшце самалёт давялося абмяняць на трактарок, які больш быў патрэбны ў гаспадарцы:

"У маладосьці ў мяне была мара — зрабіць самалёт. Дык я яго й пачаў рабіць, але не дарабіў. Жонка пачала лаяць мяне: ты што, на самалёце араць будзеш? І прыйшлося гэты самалёт загнаць, памяняць у Рэчыцы на трактар. Баш на баш".

Ад заражанай радыяцыяй зямлі Мікалай Ключынскі так і не адарваўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG