Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні за апошнія дні арыштавалі ўжо дзесяць актывістаў


Радыё Свабода На сем сутак арыштавалі сёньня ў Горадні Артура Сьмятаніна з каманды Аляксандра Казуліна. Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Зінаіда Барцэвіч пакарала яго за дробнае хуліганства і нецэнзурную лаянку. У Горадні затрымалі яшчэ некалькі актывістаў. За краты ў горадзе ў папярэднія дні трапілі дзевяць актывістаў, адзін зь якіх — Андрэй Пачобут галадае.

Калі судзьдзя Барцэвіч зрабіла невялікі перапынак, каб напісаць прысуд, Артур Сьмятанін расказаў мне падрабязнасьці затрыманьня. Ён распаўсюджваў учора агітацыйныя матэрыялы Аляксандра Казуліна. Яго затрымаў міліцыянт у цывільным — спачатку сказаў, што Артура абвінавацяць у тым, што ён нібыта ўзломваў паштовыя скрынкі, але ўрэшце ў пратаколе запісалі, што ён лаяўся. Спадар Сьмятанін сказаў, што зьбіраўся ехаць на выбарчы ўчастак №49 у мэдыцынскім унівэрсытэце, але начаваць яму давялося ў спэцпрыёмніку.

А ў Ленінскім раённым судзе разглядалі такую ж справу ў дачыненьні Андрэя Мялешкі, які займаўся назіраньнем за галасаваньнем на выбарчым участку N60 у 27-й школе.

Пяць сутак арышту за дробнае хуліганства — такое пакараньне атрымаў ён.

Перад самым судом надарылася магчымасьць паразмаўляць зь ім па тэлефоне. Андрэй сказаў, што яго затрымалі ўчора ў 23 гадзіны й пасадзілі ў спэцпрыёмнік, куды раней трапілі іншыя актывісты выбарчай кампаніі ад дэмакратычных сілаў. Ён апынуўся ў адной камэры з Максімам Губарэвічам з каманды Мілінкевіча. Максіма раней пасадзілі на сем сутак, ён за кратамі ўпершыню. А па суседзтве знаходзіўся Андрэй Пачобут — журналіст, актывіст Саюзу палякаў. У судовай залі ён абвясьціў, што пачне сухую галадоўку. Гаворыць Андрэй Мялешка:

(Мялешка: ) “Я ведаю, што Пачобут не падпарадкоўваецца міліцыянтам. Яны камандуюць: устаць! А ў адказ чуецца голас Пачобута: палітычныя не ўстаюць! Ну, і ўсё: ён галадае і ў камэры сядзіць, па-мойму, адзін”.

Андрэй Пачобут галадае на знак пратэсту тры дні.

Адвакат Уладзімер Кісялевіч, які дапамагаў у судзе сёньня Артуру Сьмятаніну, Андрэю Мялешку й Аляксандру Васільеву, мяркуе, што цяперашняя мэта ўладаў — пазбавіць незалежнага назіраньня выбарчыя ўчасткі. Ён зазначае, што Сьмятанін, Мялешка і Васільеў зьяўляюцца доўгатэрміновымі назіральнікамі, але цяпер ня змогуць выканаць сваёй задачы.

***

Пазьней сёньня ў Ашмянах быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча. Пятра Явідовіча чакалі каля ягонага дому некалькі міліцыянтаў. Як толькі ён выйшаў на вуліцу, яму адразу прапанавалі прайсьці ў пастарунак. Ягоная жонка – Вераніка Явідовіч паведаміла, што ў міліцыі ёй сказалі, быццам, муж прабудзе там чатыры дні. Зь якой прычыны забралі ейнага мужа ў міліцыі не паведамілі.

***

Сёньня ж у Смаргоні раніцай затрымалі і пасадзілі на пяць сутак Юрыя Кутузава з каманды А.Мілінкевіча. Пасьля гэтага міліцыянты затрымалі кіраўніка раённага шітабу А.Мілінкевіча Алеся Дзергачова, на гэты момант ён знаходзіцца ў РАУС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG