Пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў да пачатку 5 мая Сыміён, 38-гадовы лідэр партыі «Альянс за адзінства румынаў» (AUR), лідзіраваў з каля 40,9 працэнта, або 3 857 463 галасамі, паводле зьвестак Цэнтральнага выбарчага бюро Румыніі.
55-гадовы Дан, мэр Бухарэста, якога лічаць палітычна ўмераным, позна ўвечары перамог Крына Антанеску, чальца кіроўнай кааліцыі краіны, і выйшаў на другое месца дзякуючы галасаваньню дыяспары, што, верагодна, падняло яго ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі.
Дан атрымаў 20,98% галасоў супраць 20,1% Антанеску, што складае перавагу ў 82 000 галасоў. Паводле зьвестак выбарчых камісій, былі падлічаны амаль усе галасы дыяспары. У дыяспары прагаласавала каля 973 000 чалавек.
Сыміён лідзіраваў па колькасьці галасоў у дыяспары з 61%, за ім ішоў Дан з 26% і Антанеску з 6,8%.
Ранейшыя апытанні вядучых кампаній паказвалі падобныя агульныя вынікі, хоць яны давалі Сыміёну меншую перавагу і ўключалі больш высокі вынік для Дана.
«Я думаю, што гэта незваротны вынік, як усё ідзе», — сказаў Антанеску пасьля таго, як Дан перасягнуў яго вынік. «Я прадставіў адну праграму; вэрдыкт румынскага народа быў іншым».
«Галасы відавочныя — грамадзяне выказалі сваё меркаваньне. Думаю, я завяршаю гэтую спробу з высока ўзьнятай галавой».
Прэзыдэнта ў краіне павінны былі абраць яшчэ ў канцы мінулага году, аднак тады вынікі першага тура, па выніках якіх лідзіраваў правы папуліст Кэлін Джарджэску, былі ануляваныя Канстытуцыйным судом з-за магчымага зьнешняга ўмяшаньня ў выбары і парушэньня правілаў вядзеньня выбарчай кампаніі.
Посьпех Джарджэску, які выступаў у тым ліку з прарасейскімі і антыўкраінскімі заявамі, быў нечаканым. Румынскія ўлады анулявалі вынікі выбараў на фоне абвінавачаньняў у расейскім умяшаньні ў перадвыбарчую кампанію, спэцслужбы ў прыватнасьці ўказвалі на сумнеўнае фінансаваньне маштабнай кампаніі ў падтрымку кандыдата ў сацсетках, асабліва ў цік-току. Джарджэску было забаронена ўдзельнічаць у новых выбарах, а для паўторнага галасаваньня, якое праходзіць сёньня, быў уведзены шэраг новых правілаў.
38-гадовы Сыміён заяўляе аб сабе як аб аднадумцу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён намякаў на тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Ўкраіны і заклікаў да абʼяднаньня Румыніі з Малдовай. Кандыдат таксама заклікаў спыніць ваенную дапамогу Ўкраіне, хаця і адмаўляў, што настроены прарасейску.
24 красавіка выбарчыя органы Румыніі абʼявілі аб пачатку расьсьледаваньня ў дачыненьні да партыі Сыміёна «Альянс за адзінства румынаў» (AUR). Партыю падазраюць у парушэньні правілаў фінансаваньня выбарчых кампаній. Сыміён адмаўляе гэтыя абвінавачаньні.
18 траўня адбудзецца другі тур галасаваньня паміж двума лідэрамі першага туру.
Форум