Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памілуе Лукашэнка былога галоўнага лётчыка?


Радыё Свабода Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі агалосяць прысуд былому старшыні дзяржкамітэту авіяцыі Фёдару Іванову. Яго абвінавачваюць ў службовых злоўжываньнях з нанясеньнем дзяржаве стратаў на паўмільёна даляраў.

27 студзеня адбылося апошняе судовае паседжаньне на працэсе над Фёдарам Івановым. Пракурор Сяргей Целяжэвіч запрасіў 6 гадоў калёніі і заявіў: віну Іванова суд цалкам даказаў. Як у эпізодзе аб незаконным продажы сховішчаў знаёмым камэрсантам, гэтак і ў выпадку рамонту прэм’ерскага самалёту ды імітацыі актыўнай вытворчай дзейнасьці аршанскага авіяпрадпрымства. Усе страты, нібыта нанесеныя дзяржаве, пракурор ацаніў у паўмільёна даляраў. Ён прапанаваў нават канфіскаваць маёмасьць высокага чыноўніка.

Але мінуў месяц і напярэдадні прысуду зьявіліся зусім іншыя прагнозы. Прыкладам, паводле інтэрнэт-газэты “Беларускі партызан” за Іванова заступіліся сябры ў вышэйшым кіраўніцтве краіны і нават ужо дамагліся для яго дараваньня. Маўляў, адносна Іванова будзе выкарыстаны варыянт, прыменены да былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай. Нагадаю, яе прысудзілі да 4 гадоў зьняволеньня за крадзеж амаль 3 мільёнаў даляраў, але за краты Жураўкова не патрапіла, бо Аляксандр Лукашэнка яе памілаваў. Журналіст “Народнай Волі” Сяргей Сацук, які назірае за працэсам над Фёдарам Івановым, чакае паўтараэньня нечага падобнага.

(Сацук: ) “ На 80% перакананы, што пад варту яго ў судовай зале ня возьмуць. Хутчэй, магчымы два варыянты: ён будзе асуджаны, але пад варту ня возьмуць і потым памілуюць. Другі варыянт – прысудзяць да ўмоўнага пакараньня альбо з адтэрміноўкай. У любым выпадку абыдзецца без пазбаўленьня волі. Нагадаю, не даказана, што ён узбагаціўся, як тая ж Жураўкова, а ў судзе выявіў такую ж вялікую адданасьць асабіста Лукашэнку, таму апошняму непрыгожа садзіць яго ў турму. Тым больш заступаюцца вельмі ўплывовыя асобы...”

У сувязі са справай Фёдара Іванова незалежныя экспэрты згадваюць кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа, а таксама прэм’ера Сяргея Сідорскага, для якога па загадзе Іванова зь перавышэньнем каштарысу і быў адрамантаваны самалёт Як-40. Прэсавыя службы гэтых кіраўнікоў ніяк не камэнтуюць такую інфармацыю.

Дарэчы Галіна Жураўкова не была першай ў сьпісе асуджаных высокіх чыноўнікаў, якім удалося пазьбегнуць турмы. Варта нагадаць пра лёс былога кіраўніка беларускай чыгункі Віктара Рахманька. Суд над ім адбыўся ў 2002 годзе. Чыноўніка прызналі вінаватым ў шэрагу злачынстваў і асудзілі да 1 году і 9 месяцаў зьняволеньня, але ўлічылі час, праведзены ў сьледчым ізалятары і пад хатнім арыштам. У калёнію Рахманько не патрапіў і неўзабаве зьехаў у Маскву. Цяпер ён кіруе ўпраўленьнем транспарту ў Дэпартамэнце інвэстыцый і будаўніцтва расейскай кампаніі “Газпром”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG