Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні абвешчанага Пуціным перамір’я дроны атакавалі Кіеў. У Расеі пад удары трапілі вайсковыя заводы


Наступствы расейскай атакі 7 траўня 2025 году
Наступствы расейскай атакі 7 траўня 2025 году

Колькасьць пацярпелых ад расейскага паветранага нападу на Кіеў павялічылася да васьмі, два чалавекі загінулі.

Пра гэта раніцай 7 траўня паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Чатыры жыхары гораду шпіталізаваныя, у тым ліку жанчына і трое дзяцей. Мэдыкі таксама надалі дапамогу чатыром іншым людзям на месцы.

Раніцай 7 траўня расейскія войскі атакавалі Кіеў з дапамогай бесьпілётнікаў. У выніку нападу ў Шаўчэнкаўскім раёне загінулі два чалавекі. З пачатку дня было тры авіяўдары па Кіеве. Ратавальнікі працавалі ў Сьвятошынскім, Саломенскім, Шаўчэнкаўскім і Дняпроўскім раёнах.

У прыватнасьці, у Сьвятошынскім раёне абломкі абрынуліся на дзевяціпавярховы жылы дом, што выклікала пажар у кватэрах на чатырох апошніх паверхах.

Наступствы расейскай атакі на Кіеў 7 траўня 2025 году
Наступствы расейскай атакі на Кіеў 7 траўня 2025 году

«Выратаваныя 5 чалавек — 1 дарослы і чацьвёра дзяцей (трое дзяцей шпіталізаваныя з апёкамі). Выратавальныя працы працягваюцца», — паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны.

Бесьпілётнікі таксама пацэлілі у шматпавярховыя жылыя дамы ў Дняпроўскім і Шаўчэнкаўскіх раёнах.

Эвакуацыя ахвяры расейскага паветранага нападу на Кіеў. 7 траўня 2025 году
Эвакуацыя ахвяры расейскага паветранага нападу на Кіеў. 7 траўня 2025 году

Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Тым часам у Маскве, Туле і Саранску заявілі аб налёце бесьпілётнікаў у ноч на сёмага траўня. Паводле папярэдніх зьвестак, у Туле дроны ўдарылі па вайсковых прадпрыемствах, у Саранску пажар на заводзе па вытворчасьці оптавалакна, піша «Настоящее время».

28 красавіка Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра часовае спыненьне Расеяй усіх баявых дзеяньняў ва Ўкраіне «ў дні 80-й гадавіны Перамогі» — ад поўначы з 7 на 8 траўня да поўначы з 10 на 11 траўня — і заклікаў украінскі бок «насьледаваць гэты прыклад».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на загад Пуціна расейскім войскам спыніць агонь ва Ўкраіне з 8 па 11 траўня, абвінаваціўшы яго ў пастаянных спробах маніпуляваць міжнароднай супольнасьцю, і заклікаў да «неадкладнага, поўнага і безумоўнага спыненьня агню сама меней на 30 дзён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG