Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкан на пахаваньне папы Рымскага палятуць прадстаўнікі ад Лукашэнкі і ад Ціханоўскай


Загалоўкі газэтаў з паведамленьнем пра сьмерць папы Францішка
Загалоўкі газэтаў з паведамленьнем пра сьмерць папы Францішка

На хаўтуры папы Рымскага Францішка 26 красавіка прыбудуць прадстаўнікі дзейнай улады і апазыцыі Беларусі.

Спачатку стала вядома пра запрашэньне на цырымонію прадстаўнікоў уладаў Беларусі. На даручэньне Лукашэнкі для ўдзелу ў цырымоніі пахаваньня пантыфіка ў Ватыкан накіруецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка. Ён у санкцыйным сьпісе Эўразьвязу, але дзякуючы адмысловаму запрашэньню здолее наведаць Італію транзытам і трапіць у Ватыкан.

У дэлегацыю таксама ўвойдуць амбасадар пры Апостальскай сталіцы і часовы павераны ў справах Беларусі ў Італіі, піша прэс-служба Лукашэнкі.

Пазьней пра запрашэньне ў Ватыкан на цырымонію паведамілі з штабу Ціханоўскай. Палітыкіня даручыла кіраваць дэлегацыяй свайму дарадцу ў пытаньнях дыпляматыі Дзянісу Кучынскаму. Менавіта ён возьме ўдзел у афіцыйных захадах з нагоды пахаваньня папы.

Як адзначыла Сьвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале, Кучынскі — каталіцкі вернік, апошнімі гадамі ён адказваў у Офісе за сувязі з Ватыканам.

Такім чынам, у суботу, 26 красавіка, у Ватыкане на разьвітаньні з пантыфікам будзе прадстаўніцтва як ад рэжыму Лукашэнкі, так і ад дэмакратычных сілаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG