Міхаіл Чыгір, першы прэмʼер-міністар Беларусі падчас кіраваньня Лукашэнкі, расказаў «Народнай волі» пра сваё жыцьцё на пэнсіі, пчалярства і тое, чаму не цікавіцца палітыкай. Прапануем фрагмэнты гутаркі.
Чыгір займаў пасаду кіраўніка ўраду зь ліпеня 1994-га па лістапад 1996 года. Ён быў першым і адзіным прэм’ер-міністрам Беларусі, які пайшоў у адстаўку на ўласнае жаданьне. Гэта быў знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму ў 1996 годзе.
Зь сярэдзіны 2000-х гадоў ён на пэнсіі, сёлета ж адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Ён шмат гадоў займаецца пчалярствам.
— І працягваю займацца дагэтуль, бо пчолы — гэта, можна сказаць, усё маё жыцьцё, — кажа Міхаіл Чыгір. — У мяне жылы дом пад Менскам, там жа і пчальнік знаходзіцца.
— Вы колькі ўжо пчалярствам займаецеся?
— З малых гадоў, гэта ў нас сямейнае! Мой бацька трымаў пчолаў, вазіў яблыкі ў Маскву і прадаваў мёд, таму ў свой час быў далёка ня бедным чалавекам.
А бацьку гэта перадалося ад майго дзядулі, які таксама бяз пчолаў жыцьця не ўяўляў. І я, вядома, у гэтай справе дапамагаў бацьку і дзеду зь дзяцінства. Жылі мы ў вёсцы Вусава Капыльскага раёну, так што працы ніколі не баяўся. Яшчэ ў школу не хадзіў, а ўжо трэба было ў лес схадзіць, насекчы гніляка для дымара, вады прынесьці... Усякае бывала, пчолы кусалі, але разумеў, што старэйшым трэба дапамагаць.
— Так і ішлі — з пчоламі па жыцьці?
— Ніколі зь імі не расставаўся. І калі вучыўся на спэцфакультэце міжнародных эканамічных адносін пры Маскоўскім фінансавым інстытуце, і калі ў Клецку быў...
У выхадныя дні заўсёды знаходзіў час, каб прыехаць і даглядзець пчолаў. Нават калі стаў прэмʼер-міністрам, пра пчолаў не забываў. Знаходзіў «фортку» ў сваім працоўным графіку, прасіў ахоўнікаў, каб яны мне дапамагалі. Не адмаўлялі.
— У вас які мёд?
— Самы розны! Ёсьць грэчкавы, у нас сёлета грэчку сеялі недалёка. І рапсу шмат сеюць, таму, адпаведна, хапае і рапсавага мёду, які крышталізуецца і становіцца белым. Разнатраўны (яго яшчэ лугавым называюць) маецца.
— Які ў вас кошт мёду?
— Як і ўсюды, я ж арыентуюся на рынак. Але якасьць гарантую стоадсоткавую, а для сяброў, знаёмых і пастаянных кліентаў дык яшчэ і нядрэнныя зьніжкі раблю. Я трымаю прыстойны пчальнік, таму аднаму мне столькі мёду не трэба, у любым выпадку трэба прадаваць.
— Як пакупнікі знаходзяць вас? Ёсьць нейкая сталая кліенцкая база?
— Вядома, ёсьць людзі, якія ў мяне гадамі купляюць. Але летась, напрыклад, атрымалася так, што я нават у краму мёд здаваў.
— Колькі за сэзон атрымліваеце ў сярэднім мёду?
— Год на год не прыпадае, але сёлета, адчуваю, літраў 500 будзе. Гэты сэзон, як ужо казаў, быў вельмі добры.
— А палітыкай цікавіцеся? Адсочваеце, што цяпер адбываецца ў сьвеце і ў краіне?
— Шчыра вам скажу, ад усяго гэтага апошнім часам я ўжо адышоў. Цяжка зразумець, што цяпер дзеецца ў гэтым варʼяцкім сьвеце. Нейкі жах адбываецца! Мне значна спакойней з пчоламі.
- Міхаіл Чыгір працаваў у банкаўскай сфэры з пачатку 70-х. Ён скончыў тагачасны менскі «наргас». Пазьней вучыўся ў Маскве, стажаваўся ў Нямеччыне, а пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці да самых выбараў прэзыдэнта ўзначальваў «Белаграпрамбанк».
- Пасаду прэм’ера Міхаіл Чыгір атрымаў непасрэдна ад Аляксандра Лукашэнкі пасьля працы ў ягоным выбарчым штабе. У 1995 годзе ён прадстаўляў Беларусь на сусьветным эканамічным форуме ў Давосе. Пасаду прэм’ера Міхаіл Чыгір пакінуў самастойна і гучна — абвясьціў пра адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму, які дазваляў Лукашэнку павялічыць свае паўнамоцтвы і падоўжыць тэрмін знаходжаньня пры ўладзе. Пасьля нейкі час гадаваў пчолаў на сядзібе ў Капыльскім раёне і ў выніку зьехаў у Маскву на працу ў бізнэс-структурах.
- У 1999 годзе вылучыўся кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на альтэрнатыўных выбарах, быў арыштаваны за дзень да іх правядзеньня. Чыгіра зьмясьцілі на «Валадарку» і абвінавацілі ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас працы кіраўніком «Белаграпрамбанку» і на пасадзе прэм’ера. За кратамі Міхаіл Чыгір прабыў восем месяцаў, пасьля чаго яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. У 2000 годзе яго асудзілі на 3,5 года пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Чыгіра палітзьняволеным.
- У сьнежні 2000 году Вярхоўны суд адмяніў прысуд Міхаілу Чыгіру і пастанавіў, што яго немагчыма ні апраўдаць, ні прызнаць вінаватым. У 2002 годзе прысуд у выглядзе 3,5 года з адтэрміноўкай на 2 гады вярнулі.
- У 2010 годзе Міхаіл Чыгір падтрымаў вылучэньне ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Яраслава Раманчука, а ў 2020-м стаў кіраўніком выбарчага штабу Ганны Канапацкай.
- «Я ведаю сям’ю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў, бацьку яе ведаю па сумеснай працы: адукаваны юрыст, працавалі ў адной фірме, добра ведаю. Таму вырашыў даць згоду, падтрымаць яе», — так патлумачыў Свабодзе сваё рашэньне далучыцца да кампаніі Канапацкай сам Міхаіл Чыгір.