Падзеі 31 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
31 кастрычніка 1992 году ня стала Міхася Ткачова, беларускага гісторыка і палітыка. Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першым старшынём Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).
Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 16 фактаў пра Міхася Ткачова
Як гісторык Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў эвалюцыю замкаў і арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
500 найлепшых кніг за 500 гадоў
Вынікам яго дасьледаваньняў абарончага дойлідзтва сталі кандыдацкая й доктарская дысэртацыі на гэтую тэму, а таксама кнігі «Замкі Беларусі», «Замкі і людзі», «Старажытны Амсьціслаў».
Працуючы загадчыкам катэдры ў Гарадзенскім унівэрсытэце, ён бескампрамісна бараніў ад мясцовых чыноўнікаў старадаўнюю забудову гораду. Даходзіла да зваротаў у Саўмін СССР, пасьля чаго Ткачова спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за «клевету на органы советской власти».
Пільную ўвагу КГБ выклікаў і заснаваны зь непасрэдным удзелам Ткачова гарадзенскі гістарычнакультурны клюб «Паходня», які зьбіраў сотні людзей на свае асьветніцкія вечарыны, што ўсё часьцей ператвараліся ў палітычныя дыскусіі. Вяртаньне ў 1989 годзе Ткачова ў Менск (як, дарэчы, і мой пераезд у сталіцу) адыёзная газэтка «Славянский набат» пазьней назаве акцыяй, сплянаванай ЦРУ. Такім чынам амэрыканская выведка далучылася да выпуску Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, што было га лоў ным к лопата м Міхася як кіраўніка выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя».
«Варожы агент» гаварыў пра сваю місію наступным чынам: «Мы вернем імёны тых, хто не шкадаваў здароўя і жыцьця, ішоў гэтым цяжкім торам дзеля будучыні нашай. Мы вернем народу тыя імёны, якія доўга ганьбілі, плямілі, трымалі ў спэцсховах».
У тыя вызначальныя для краіны гады Ткачоў быў у авангардзе дэмакратычных сілаў: браў удзел у стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратычнага руху і ачоліў Цэнтральную раду Грамады. Ткачова паважалі ў самых розных слаях грамадзтва. Паніхіду ў Доме літаратара спраўляў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэт.
Незадоўга да трагічна раньняй сьмерці Ткачоў казаў у інтэрвію: «Нягледзячы ні на якія адкаты, працягваю верыць у беларусаў, у іхнюю рашучасьць у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс нацыі».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 394–395.
У гэты дзень год таму
- У онлайн-фармаце прайшоў 26-гадзінны Ўсясьветны кангрэс беларусаў.
- З прычыны COVID-19 Беларусь закрыла для замежнікаў наземныя межы.
- На беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі «групу радыкальна настроеных асоб з анархісцкага руху».
- У Менску прайшлі маршы жанчын і людзей з інваліднасьцю.
Таксама ў гэты дзень
1517 — Марцін Лютэр зрабіў у Вітэнбергу заяву пра неабходнасьць прывядзеньня жыцьця кожнага чалавека і ўсяго грамадзтва ў адпаведнасьць са Словам Божым. Гэта стала пачаткам руху Рэфармацыі, які распаўсюдзіўся на ўсю Эўропу, уключаючы Беларусь. 31 кастрычніка вядомы як Дзень Рэфармацыі
1892 — Артур Конан Дойл апублікаваў зборнік «Прыгоды Шэрлака Голмза»
1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля чыгуначнага вакзала, які тады называўся Віленскім, сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Паўла Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.
1945 — у Мюнхэне на беларускай мове пачала выходзіць газэта «Бацькаўшчына» (выдавалася да 1966)
1961 — цела Іосіфа Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.
1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.
2015 — у Эгіпце разьбіўся расейскі самалёт. На борце былі 224 чалавекі, усе загінулі.
У гэты дзень нарадзіліся
1910 — Леанід Галяк, беларускі юрыст, журналіст, грамадзкі дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША
1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.
1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.
1937 — Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусі «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам.
З вокнаў майстэрні Яўгена Куліка таксама адкрываліся далёкія краявіды. Адтуль па-над куродымам савецкага ідэалягічнага дурману відаць была Беларусь: ад пракаветных часоў Рагвалода да, здавалася, яшчэ далёкай прышласьці, калі краіна здабудзе незалежнасьць. У гэта верыў кожны з тых, хто зьбіраўся на паддашку ў спадара Яўгена. Бо «На Паддашку» — так неафіцыйна і называўся гэты апазыцыйны інтэлігенцкі асяродак, створаны ў сярэдзіне 1960-х, — сыходзіліся Лявон Баразна і Зянон Пазьняк, Міхась Чарняўскі й Алесь Разанаў, Зьміцер Санько, Аляксей Марачкін, Алесь Лабанок…
Там нараджаліся ідэі спачатку культурніцка-асьветных, а потым і палітычных акцыяў і праектаў, генэратарам многіх зь якіх быў Кулік. Сябры і калегі згадваюць, што якраз ён вёў рэй у падрыхтоўцы выставаў да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэткі Цёткі і 500-годзьдзя Міколы Гусоўскага, якія прагучалі як выклік афіцыйнаму «мастацтву». Акурат выстава, прысьвечаная аўтару «Песьні пра постаць, дзікі нораў зубра і паляваньне на яго», разам з самой паэмай, праілюстраванай Куліком, і натхнілі мяне на аповесьць «Час чумы».
У тыя 1970–1980-я гады Кулік стварыў найбольш значныя свае графічныя сэрыі «Помнікі Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», аркушы паводле забароненай паэмы Янкі Купалы «На Куцьцю».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 486–487.
У памяці
1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
Яго, выпускніка акадэміі Генштабу, неаднаразова параненага ў баях і ўзнагароджанага францускім Ордэнам Ганаровага легіёну, ордэнам Італійскай кароны і дзесяцьцю расейскімі ардэнамі, называлі «львом у мундзіры». У расейскай арміі Кандратовіч стаў, дарэчы, самым маладым генэралам ад інфантэрыі (вышэй стаяў адно фэльдмаршал).
У 1917-м «леў у мундзіры» рашуча далучыўся да беларускага руху, якому спачуваў, верагодна, яшчэ з пачатку Першай усясьветнай вайны. Аўтар гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў напіша пра генэрала: «Яго вяло да нас шчырае беларускае сэрца».
На зьезьдзе беларусаў Заходняга фронту Кандратовіча абралі ў Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Ён кіраваў бюро ў справах арганізацыі беларускага войска і ў расейскай Стаўцы, на перамовах з галоўнакамандуючым Духоніным, дабіўся дазволу на фармаваньне сваіх нацыянальных аддзелаў. Меркавалася, што ў Менску будзе створаны беларускі полк, а затым — беларускі корпус на Заходнім фронце. Кастрычніцкі бальшавіцкі пераварот перакрэсьліў гэтыя пляны.
Кандратовіч быў прызначаны міністрам абароны ва ўрадзе БНР на чале з Раманам Скірмунтам. Разам з палкоўнікам Кастусём Езавітавым займаўся стварэньнем 1-га беларускага палка ў Горадні. Як сябра Рады БНР ён прапанаваў праект 200-тысячнага беларускага войска, сьцьвярджаючы, што яго падтрымаюць віленскія банкіры. (Нямецкія акупацыйныя ўлады не далі на гэта згоды і адмовіліся ад паставак зброі.) Як удзельнік беларускай дэлегацыі ў 1919-м Кандратовіч імкнуўся бараніць інтарэсы Айчыны на Парыскай мірнай канфэрэнцыі…
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 136–137.
1937 — супрацоўнікі НКВД расстралялі Антона Баліцкага, дзяржаўнага дзеяча, аднаго з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.
Мабілізаваны ў 1915-м у войска, Антон стаў удзельнікам Лютаўскай рэвалюцыі. Ён гуртаваў вайскоўцаў-суайчыньнікаў на Румынскім фронце, адчыняў для дзяцей уцекачоў беларускія школы ў Адэсе, камандаваў партызанскім аддзелам у Прыднястроўі.
Вярнуўшыся ўжо ў савецкую Беларусь, ён заняў пасаду намесьніка народна га-ка місара, а затым і наркама асьветы.
Гэта быў яго зорны час.
Баліцкі стварае сыстэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі, куды пасьл я доў на ў водзіцца беларуска я мова. Другі найважнейшы клопат наркама — беларусізацыя культурна-асьветніцкіх установаў.
У выніку мэтанакіраванай палітыкі наркамату пабеларуску загаварылі дзясяткі тысяч выкладчыкаў, бібліятэкараў, клюбных работнікаў.
Відавочныя посьпехі беларусізацыі выклікалі вялiкую трывогу ў Маскве.
У ліку арыштаваных у 1930-м у справе Саюзу вызваленьня Беларусі непазьбежна апынуўся й Антон Баліцкі.
Ён атрымаў адзін з самых жорсткіх на той час прысудаў — дзесяць гадоў канцлягераў. У 1937-м адбыўся паўторны разгляд справы. Назаўтра аднаго з бацькоў беларусізацыі павялі на расстрэл.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 170–171.
1993 — Фэдэрыка Фэліні, італьянскі рэжысэр.
1996 — Віктар Тураў, беларускі рэжысэр.
Ягоную зьнятую паводле аповесьці расейскага пiсьменьнiка Паўла Ніліна лірычнапаэтычную стужку «Праз могілкі» ЮНЭСКО ў 1994-м улучыла ў лік найлепшых ста фільмаў. Тадысама ў сувязі з 100-годзьдзем кінэматаграфіі беларуса Віктара Турава ў ліку іншых выдатных дзеячаў усясьветнага кіно ўвялі ў ганаровы камітэт для сьвяткаваньня гэтае даты.
Але для мяне вяршыняю творчасьці Віктара Турава сталася экранізацыя мележаўскіх «Людзей на балоце». Я глядзеў яе тры разы з інтэрвалам у адзін дзень. «Вінаватыя» былі ня толькі рэжысэрскае майстэрства, бліскучы склад актораў і літаратурная аснова, але і тое, што героі фільму га вары лі па-беларуск у. Усё разам гэта нараджала мары пра наш, беларускі кінэматограф.
Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР і прызы некалькіх міжнародных кінафэстываляў. Працяг — «Поды х навальніцы» — быў, як нярэдка здараецца, слабейшы, хоць для іншага рэжысэра лічыўся б бясспрэчнай удачай. У 1989-м я меў радасьць рэдагаваць першы поўны пераклад «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага. Праз год, амаль адначасова з кнігаю, зьявіўся і тураўскі «Шляхціч» — на жаль, ужо адзін з апошніх яго значных фільмаў.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 428–429.