Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Івана Пташнікава; год таму — Ціханоўскую абвясьцілі ў вышук у Расеі


Іван Пташнікаў
Іван Пташнікаў

Падзеі 7 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Год таму ў гэты дзень

  • Сьвятлану Ціханоўскую ўнесьлі ў агульную базу вышуку саюзнай дзяржавы
  • Свабоднае аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі папрасіла МАК прыпыніць сяброўства НАК Беларусі ў сваім складзе
  • Больш за 800 музыкаў, мастакоў, актораў, выкладчыкаў, рэжысэраў, літаратараў і іншых дзеячоў і актывістаў падпісалі адкрыты ліст з патрабаваньнямі перагледзець вынікі прэзыдэнцкіх выбараў

Дзень у гісторыі

1571 — Бітва пры Лепанта паміж флётам Сьвятой Лігі і флётам Асманскай імпэрыі, адна з найбуйнейшых марскіх бітваў у гісторыі. Поўная перамога хрысьціянскага флёту, канец асманскага валадарства на Міжземным моры.

1897 — у Вільні быў створаны «Бунд» — Агульны габрэйскі рабочы зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі. «Бунд» быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгода пасьля яго стварэньня ў Менску пры садзеяньні «Бунду» пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой «Бунд» увойдзе аўтаномнай часткай.

1977 — была ўхваленая апошняя Канстытуцыя СССР.

2001 — пачаліся амэрыканскія паветраныя ўдары па базах Усамы бін Лядэна ў Аўганістане.

2002 — камітэт па адукацыі, навуцы і культуры Сойму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

У гэты дзень нарадзіліся

1765 — Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыплямат, кампазытар.

Помнік Міхаілу Клеафасу Агінскаму ў Слоніме
Помнік Міхаілу Клеафасу Агінскаму ў Слоніме

Цяжка ўявіць жыхара Беларусі, які б ня ведаў незабыўнай, узьнёслай і напоўненай сьветлай тугою мэлёдыі палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Айчынай». Не выпадкова на пачатку 1990-х гучалі прапановы зрабіць яго дзяржаўным гімнам незалежнае Беларусі.

Хтосьці паспрабуе запярэчыць: маўляў, аўтар палянэзу нарадзіўся пад Варшавай, быў палякам. Але ў мэмуарах ён недвухсэнсоўна пісаў: «Паходжу зь ліцьвінскага роду. Незалежна ад намаганьняў рознага кшталту дзяржаўных дзеячаў нас, ліцьвінаў, немагчыма схіліць адмовіцца ад нашых правоў». Шчодра надзелены разнастайнымі та лентамі, граф Міхал Клеафас стаў самым знакамітым прадстаўніком свабодалюбнага роду.

У дваццаць гадоў — дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай, у дваццаць пяць — пасол у Галяндыі, а затым у Вялікабрытаніі, у дваццаць восем — падскарбі, або, сучаснай моваю, міністар фінансаў Вялікага Княства Літоўскага. Але, калі выбухнула паўстаньне Касьцюшкі, малады міністар адмовіўся ад пасады і на ўласныя грошы стварыў і ўзброіў батальён зь пяці сотняў стрэльбаў ды шабляў. Родавы герб на сваёй пячатцы ён замяніў на дэвіз «Воля, вернасьць, незалежнасьць».

Паўстанцы Агінскага разграмілі вялікі аддзел царскіх казакоў пад Валожынам, адважна дзейнічалі на Браслаўшчыне і пад Дынабургам (Дзьвінскам). Міхала Клеафаса штораз бачылі ў самай гушчыні бою, некалькі разоў ён адно дзівам застаўся жывы. Напісаны Агінскім «Марш паўстанцаў 1794 году» сьпявалі нашы ваяры на ўсім абшары Княства.

Калі карнікі генэрала Аляксандра Суворава разьбілі паўстанцаў, граф мусіў весьці жыцьцё выгнанца ў розных эўрапейскіх краінах, але ўрэшце вярнуўся ў паняволеную Айчыну. Надзеі на адраджэньне незалежнасьці Вялікага Княства Агінскі спачатку зьвязвае з Напалеонам, у гонар якога стварыў опэру «Банапарт у Каіры». Ён сустракаецца з францускім імпэратарам, піша яму поўны спадзяваньняў ліст і — не атрымлівае адказу. Застаецца нязьдзейсьненым і праект аднаўленьня Княства, пададзены Аляксандру І.

На шчасьце, ні крах палітычных праектаў, ні два нешчасьлівыя шлюбы ня здолелі прымусіць замаўчаць музу Агінскага. Ягоны маёнтак Залесьсе пад Смаргоньню ператвараецца ў адну з культурных сталіц краю і неафіцыйна завецца Паўночнымі Афінамі. Творы Міхала Клеафаса выходзяць у Вене, Парыжы, Лёндане. Асабіста апладыруюць яму Гайдн і Моцарт.

Але над Залесьсем гусьцеюць хмары. Каляніяльныя ўлады пачынаюць арыштоўваць блізкіх знаёмых графа — сяброў таемных таварыстваў. Пакідаючы Айчыну, Агінскі і стварае палянэз, які стаў рэквіемам па дарагой ягонаму сэрцу цывілізацыі.

Апошні зямны прыстанак ён знайшоў у пантэоне флярэнтыйскай базылікі Санта Крочэ побач з Галілеем, Мікелянджэлё, Расіні і Мак’явэлі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 32–33.

1788 — Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексыкограф, фальклярыст, этнограф, аўтар «Слоўніка беларускай мовы», апублікаванага ў 1870 годзе. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

1885 — Нільс Бор, дацкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1918 — Ізраіль Басаў, беларускі жывапісец і графік

Даводзілася чуць, што на зломе 1980– 990-х гадоў, калі ў Менск зачасьцілі і хутка адшукалі мастака Басава замежныя галерэйнікі ды калекцыянэры, ён вынайшаў для стасункаў з гасьцямі наступную мэтоду. Дамовіўшыся пра сустрэчу, Ізраіль пасьля званка ў дзьверы доўга глядзеў у вочка. Па той бок адчувалі, што іх выпрабавальна разглядваюць, і цярпліва або нецярпліва чакалі. Гэта магло доўжыцца дзясяткі хвілінаў. Урэшце гаспадар адчыняў дзьверы або закрываў вочка, і візытант заставаўся ні з чым.

Калі ўсё адбывалася менавіта так, Басаў меў падставы быць празьмерна недаверлівым ды зацятым. Бясконца ён сустракаўся зь неразуменьнем, абыякавасьцю і проста подласьцю.

Паступіўшы па вайне ў Менскую мастацкую вучэльню, ён быў адлічаны «за касмапалітызм» і толькі дзякуючы моцнай падтрымцы выкладчыкаў і аднакурсьнікаў — адноўлены. Ён захапляўся жывапісам Сэзана і Фалька, плённа пераасэнсоўваючы іх у сваіх творах, але ў менскіх майстэрнях Мастацкага фонду мусіў маляваць партрэты савецкіх правадыроў. Кіраўніцтва Саюзу мастакоў абавязанае было паводле статуту прапанаваць Басаву да 50-годзьдя пэрсанальную выставу, ды мастаку паставілі прыніжальную і абразьлівую ўмову: выстава павінна быць закрытай, без гледачоў і прэсы. Майстар адмовіўся.

Насуперак афіцыйнай эстэтыцы сацрэалізму Басаў заставаўся верны ўласнай творчай пазыцыі, набліжанай да авангардызму, і стаў ці не найбольш яскравым прадстаўніком тагачаснага беларускага мастацкага андэграўнду. Ён любіў маляваць Вялікі горад. Сын Мацьвей, таксама мастак, згадвае, што бацька дзень пры дні, нават у моцныя маразы, выпраўляўся ў вандроўку па менскіх вуліцах, шукаючы вобразы, рытмы, сюжэты. Часу хапала. У 1972-м «у сувязі з рэарганізацыяй» Ізраіля звольнілі з мастацкага камбінату, і больш ён ужо нідзе і ніколі на службе не лічыўся.

Басаў зноў і зноў сутыкаўся з праявамі антысэмітызму. Мастака пасьлядоўна замоўчвалі, ня згадвалі хаця б у агульных пераліках, амаль не выстаўлялі на радзіме, хоць ягоныя палотны мелі ўдзячную публіку і высокія ацэнкі калегаў, калі экспанаваліся ў 1970-я гады ў Вільні і Кіеве. Права паказаць творы ў Беларусі яму вярнулі адно ў 1987-м у выніку некалькіх лістоў у Міністэрства культуры ў Маскву. Аднак усе тыя глухія гады майстар не паддаваўся роспачы, не разьвітваўся з мроямі пра вэрнісажы ў Ерусаліме і Нью-Ёрку.

Упершыню пэрсанальная выстава Ізраіля Басава ў Менску адбылася праз два гады пасьля ягонага разьвітаньня з гэтым сьветам і дарагім яму Вялікім усясьветным горадам. Каталёг надрукавалі пры падтрымцы Фонду Сораса. Велізарны посьпех напаткаў выставу да 100-годзьдзя маэстра, разгорнутую ў залях Нацыянальнага мастацкага музэю. Каля славутага басаўскага палатна «Спатканьне» мне здалося, што аўтар адтуль нарэшце шчасьліва глядзіць на ўсіх нас праз сваё вочка.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 404–405.

1931 — Дэсманд Туту, біскуп з Паўднёваафрыканскай рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

1932 — Іван Пташнікаў, беларускі пісьменьнік. Сярод найбольш вядомых твораў — апавяданьні «Львы», «Арчыбал», «Пагоня», аповесьці «Лонва», «Тартак», «Найдорф», раманы «Мсьціжы» і «Алімпіяда».

1952 — Уладзімер Пуцін, расейскі прэзыдэнт.

У памяці

1849 — Эдгар Алан По, амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, вядучая постаць амэрыканскага рамантызму, адзін з пачынальнікаў дэтэктыўнага жанру.

Эдгар По, партрэт
Эдгар По, партрэт

1939 — Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзеяч.

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Ён мог стаць нашым першым прэзыдэнтам. Гаворка ідзе, як вы зразумелі, не пра выбары 1994 году, а пра час абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прыехаўшы пасьля навучаньня ў Заходняй Эўропе ў родны маёнтак, Раман хутка зарэкамэндаваў сябе чалавекам, каго цікавіць ня столькі ўласная гаспадарка, як лёс краю.

З трыбуны расейскай Дзяржаўнай думы ён, дэпутат ад Менскай губэрні, выступаў за пашырэньне сялянскага землеўладаньня, але рашуча бараніў прыватную ўласнасьць на зямлю.

Нацыянальнае Адраджэньне ён успрыняў як сваю крэўную справу. Скірмунт фінансуе беларускія выданьні. У 1917-м кіруе Беларускім нацыянальным камітэтам і вядзе з Часовым расейскім урадам перамовы пра самастойнасьць Беларусі.

У 1918-м ён падтрымаў абвяшчэньне БНР, на пэўны час стаў яе прэм’ер-міністрам з імкненьнем далучыць да незалежніцкай дзейнасьці айчынную арыстакратыю. У лістападзе таго ж году ў скла д зе надзвычайнай дэлегацыі дамагаўся прызнаньня незалежнасьці Беларусі ў Нямеччыне й Швайцарыі.

Бальшавікі мелі яго за ворага, беларускія сацыялісты называлі «кансэрватарам».

Пасьля Рыскай дамовы паміж Польшчай і савецкай Расеяй ён вярнуўся ў сваё заходнебеларускае Парэчча і скіраваў энэргію на эканамічныя рэформы. Заробку мужчыны, які працаваў у Скірмунта, хапала на ўсю сям’ю, і жонка магла прысьвяціць сябе дзецям.

У верасьні 1939-га нейкі абібок прыбег у Парэчча зь весткаю, што набліжаецца цягнік з савецкімі салдатамі. Пахапаўшы чырвоныя сьцягі, дзясяткі два галаштанцаў кінуліся сустракаць «вызваліцеляў». Але на цягніку ехалі палякі. Афіцэр загадаў расстраляць «здрайцаў». Нехта пасьпеў паклікаць пана Скірмунта. Каб уратаваць сялянаў, той укленчыў перад афіцэрам. Можна ўявіць, чаго гэта каштавала 70-гадоваму арыстакрату.

У краіне саветаў, дзе праз колькі дзён апынулася Парэчча, гонар і годнасьць патомнага шляхцічанезалежніка мелі свой кошт.

Для вырашэньня лёсу Рамана Скірмунта новая ўлада склікала вясковы сход. Насуперак волі камісара Холадава сяляне выказаліся за тое, каб пакінуць пана жывым і на волі. Тады камісар — пад выглядам адправы Скірмунта на допыт у раён — даручыў некалькім «надзейным таварышам» зь мясцовых жыхароў завесьці «ворага народу» ў лес і ліквідаваць.

Скірмунта расстралялі. Ён не сканаў адразу, і забойцы — тыя, каго пан Раман у неўраджайныя гады ратаваў ад сьмерці дармавымі харчамі, — дабівалі ахвяру камянямі.

Дакумэнты сьведчаць, што ў 1939–1940 гадах загінулі пры розных абставінах усе мужчыны з роду Скірмунтаў, якія апынуліся на савецкай тэрыторыі.

Выдадзенае ў 2018-м важкім томам дасьледаваньне доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука «Раман Скірмунт: жыцьцяпіс грамадзяніна Краю» на новым узроўні засьведчыў маштаб гэтае асобы.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 190–191.

2006 — Ганна Паліткоўская, расейская журналістка (забітая).

Ганна Паліткоўская
Ганна Паліткоўская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG