Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна прыняцьця першага Статуту ВКЛ, год таму — Ціханоўская сустрэлася з Макронам


Фрагмэнт Статуту ВКЛ 1529 году
Фрагмэнт Статуту ВКЛ 1529 году

Падзеі 29 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Год таму ў гэты дзень

  • Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам
  • Менск і Масква аднавілі перамовы аб «дарожных мапах»
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што адносіны Масквы і Менску застаюцца братэрскімі і саюзьніцкімі і не падпарадкуюцца каньюнктуры
  • Суды пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць дэманстрантаў, якіх затрымалі яшчэ ў жніўні, а потым адпусьцілі
  • Міністэрства інфармацыі заявіла пра пазбаўленьне Tut.by статусу СМІ ад 1 кастрычніка 2020 г.
  • Вікторыя Пальчыс, жонка блогера Эдуарда Пальчыса, паведаміла пра зьнікненьне мужа
Сустрэча Ціханоўскай і Макрона, 29 верасьня 2020 г., Вільня
Сустрэча Ціханоўскай і Макрона, 29 верасьня 2020 г., Вільня

Дзень у гісторыі

1529 — зацьверджаны першы Статут Вялікага Княства Літоўскага.

1772 — першы падзел Рэчы Паспалітай зацьверджаны Соймам.

1872 — адкрылася Полацкая настаўніцкая сэмінарыя.

1938 — падпісаная Мюнхэнская дамова. Італія, Вялікая Брытанія і Францыя пагадзіліся з анэксіяй Нямеччынай Судэцкай вобласьці Чэхаславаччыны.

1939 — зьнішчаны абраз Будслаўскай Маці Божай (адрэстаўраваны ў 1991).

Абраз Будслаўскай Маці Божай
Абраз Будслаўскай Маці Божай

1941 — масавы расстрэл нацыстамі цывільных жыхароў ва ўрочышчы Бабін Яр (цяпер у межах Кіева).

У гэты дзень нарадзіліся

106 да н. э.Гнэй Пампэй Вялікі, рымскі палкаводзец і неаднаразовы консул рэспублікі.

1547Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік.

1823Уладзіслаў Сыракомля, паэт, краязнаўца, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х, палітвязень.

Уладзіслаў Сыракомля як Лірнік Вясковы
Уладзіслаў Сыракомля як Лірнік Вясковы

Уладзіслаў Сыракомля — літаратурны псэўданім Людвіка Кандратовіча, за аснову якога ўзятая назва родавага гербу.

Пасьля навучаньня ў школах манахаў-дамініканцаў у Наваградку і Нясьвіжы ён служыў у канцылярыі радзівілаўскіх маёнткаў. Юнака часта бачылі ў казачна багатай бібліятэцы ўладальнікаў Нясьвіскага замку. Кандратовіч быў сваім чалавекам у княскім архіве, дзе зьберагаліся шматлікія дзяржаўныя дакумэнты Вялікага Княства Літоўскага.

Усё гэта, а ў дадатак сустрэчы з выпускнікамі Віленскага ўнівэрсытэту, што часта наведваліся ў Нясьвіж, выхоўвала ў душы патрыятызм і нараджала імкненьне да творчасьці. Адметны талент заіскрыўся ў першай жа публікацыі — вершаванай гутарцы «Паштар». У перакладзе яна стала расейскай народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком».

Творы Сыракомлі найчасьцей насялялі шляхцічы і сяляне «дарагой яго сэрцу старонкі». Сябе паэт параўноўваў зь вясковым лірнікам, што грае для ўсяго народу.

Ён натхнёна пісаў пра падзеі мінулых стагодзьдзяў, апрацоўваў беларускія казкі і паданьні. Шырокую вядомасьць набыў беларускі верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весьці», напісаны ў 1848-м, калі ў Эўропе адбываліся рэвалюцыі:

Заходзіць сонца пагодняга лета,
Вее вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага сьвету:
Добрыя ж весьці да нас ты прынёс!..
Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Сыракомля асабліва цяжка перажываў разгром рэвалюцыйнага руху ў Вугоршчыне і ў залежных ад Асманскай імпэрыі Дунайскіх княствах — Малдавіі ды Валахіі, дзе паўстанцаў душыла расейская армія. У гэтых княствах насельніцтва было хрысьціянскім, і войскі «жандара Эўропы» бязьлітасна дзейнічалі там супольна з туркамі-мусульманамі.

Жыцьцё ня песьціла «вясковага лірніка». У 1852-м цягам аднаго тыдня ў яго памерлі тры малалетнія дачкі.

Драматычным сталася ўзаемнае, рэзка асуджанае грамадзтвам каханьне да акторкі Гелены Маеўскай. Дзеля Ўладзіслава яна пакінула мужа — гісторыка, літаратара і выдаўца Адама Кіркора — і зьехала за мяжу.

Сыракомля шмат вандраваў па Беларусі. У Аўстрыі ды Прусіі сустракаўся з патрыётамі, каб супольна змагацца за аднаўленьне Рэчы Паспалітай.

Паліцыя ўвяла за паэтам і краязнаўцам сакрэтны нагляд, а затым яго зьняволілі ў віленскай турме. Прыхільнікі здолелі вызваліць хворага на сухоты вязьня, аднак няволя падарвала сілы, і Сыракомля памёр у часе сьледзтва незадоўга да паўстаньня Каліноўскага, у якім, бясспрэчна, узяў бы ўдзел. У працэсіі за труной ішлі болей за 10 тысячаў віленчукоў

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 56-57.

1866Міхайла Грушэўскі, украінскі гісторык, старшыня Цэнтральнай Рады.

1880Сяргей Сахараў, беларускі фальклярыст, этнограф, пэдагог.

1891Аркадзь Смоліч, беларускі навуковец, палітычны і грамадзкі дзеяч, міністар сельскай гаспадаркі ўраду БНР.

Аркадзь Смоліч. 1918 г.
Аркадзь Смоліч. 1918 г.

Бываюць пісьменьнікі, кнігі якіх нагадваюць сумныя падручнікі, але бываюць і навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца зь ня меншай цікавасьцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так я чытаў перавыдадзеную на пачатку 1990-х «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла сьвет у 1919-м у Вільні, адкрываючыся актуальным і сёньня эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».

Тысячы й тысячы чытачоў «Геаграфіі» гэтая кніга ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя ня проста захапляла зьместам і зачароўвала моваю. Яна вяртала ім Радзіму. На ёй узгадоўвалася пакаленьне нацыянальна сьвядомай моладзі. «Геаграфія» Смоліча й цяпер застаецца неперасягнутым узорам навукова-папулярнага апісаньня нашае зямлі. Варта разгарнуць гэты том наўздагад, і ўжо ня хочацца адрывацца:

«...Перанясемся цяпер думкаю з нашага Чарнігаўскага лесастэпу на другі канец Беларусі, у Віцебшчыну... Едзеш па дарозе, дык усё або пад гару, або з гары. Каменьня тут усюдых як бы насеяў хто: ляжыць яно і паасобку, і цэлымі грудамі-крушнямі. І лагодныя ўзгоркі, і зялёныя лясы робяць краявіды гэтае старонкі дужа прыгожымі. Але найлепш прыхарошуюць іх сьветлыя вазёры, што ляжаць між узгоркаў і якіх тут ёсьць бязь ліку».

Але Смоліч быў ня толькі таленавітым навукоўцам.

Ён застаўся ў гісторыі як ідэоляг і тэарэтык Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, адзін з «бацькоў» БНР, міністар асьветы ў яе першым Урадзе.

Найперш палітычная дзейнасьць вучонага і прадвызначыла ягоны лёс.

Пасьля пяцігадовай высылкі па справе Саюзу вызваленьня Беларусі яго ў 1937-м зноў арыштавалі.

Перад расстрэлам у Омскай турме НКВД Смоліч, напэўна, бачыў апісаныя ім з такой любасьцю й веданьнем беларускія краявіды, да якіх, разлучыўшыся зь целам, памкнулася ягоная душа.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 180–181.



1904 Леў Голуб, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, народны артыст Беларускай ССР.

1912 Мікелянджэла Антаніёні, італьянскі кінарэжысэр.

1923 Арсень Лабовіч, беларускі тэатразнавец, крытык.

1943Лех Валэнса, заснавальнік польскага прафсаюзу «Салідарнасьць», а пазьней прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

1946 Іван Гайшун, матэматык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

1958 Адам Глобус, беларускі пісьменьнік і мастак.

1959Вітаўт Мартыненка, музычны журналіст.

Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка

Яго, журналіста-музыказнаўцу і літаратара, называюць «таленавітым дэгустатарам», апошнім рамантыкам і архіварыюсам айчыннага року, але насамрэч Вітаўт Мартыненка быў яго стваральнікам і, дарэчы, аўтарам самога тэрміну «беларускі рок».

Атрымаўшы дыплём факультэту журналістыкі БДУ, ён зь першай паловы 1980-х працаваў у газэце «Чырвоная змена», дзе рэдагаваў музычную старонку «Нотны аркуш». Публікацыі на ёй выводзілі з падпольля папулярныя ўжо беларускамоўныя гурты «Мроя», «Рэй», «Магістрат», «Бонда», бардаў Касю і Алеся Камоцкіх, Вольгу Цярэшчанку, Сержука Сокалава-Воюша.

Супольна зь сябрам, музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем, у 1985-м Вітаўт заснаваў першы ў Беларусі рок-клюб — менскую «Нямігу», куды ўвайшлі «Мроя» і яшчэ сем гуртоў. Асноўным заданьнем клюбу (ён праіснаваў да 2003 году) была арганізацыя фэстываляў, якія ладзіліся двойчы на год: у дні нараджэньня Рычы Блэкмара і Джымі Гэндрыкса. На адным з гэтых фэстываляў — яны мелі назоў «Тры колеры» — адыграў першы канцэрт «Ляпіс Трубяцкі». Вітаўт спрычыніўся і да арганізацыі штогадовага фэсту беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

Мартыненка, здаецца, пасьпяваў паўсюль. Вёў гітпарады ў «Чырвонай змене» і на Беларускай службе Радыё Свабода. Уваходзіў у нефармальны моладзевы клюб «Талака» і Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Стварыў у «Чырвонцы» адну зь першых групаў падтрымкі Беларускага Народнага Фронту. Стаў разам з Анатолем Мяльгуем аўтарам выдадзенай у 1989-м у Нью-Ёрку кнігі для маладых мэляманаў «Праз рок-прызму». У супрацы зь сябрам Мартыненка выпусьціў пазьней і першы энцыкляпэдычны даведнік «222 альбомы беларускага року і ня толькі», а затым — сольную кнігу «Rock on-line».

Ён пісаў прозу і вершы, «пераклаў» з лацінкі на кірыліцу і выдаў з грунтоўнымі камэнтарамі раман Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis», пераствораны некалі па-беларуску знакамітым беларускім рэлігійным і культурным дзеячам Пятром Татарыновічам. Гэты чын Вітаўта даў яму магчымасьць сустрэцца з папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.

Чакае выдаўца Вітаўтаў аўтабіяграфічны раман «Карабалом» («Караблекрушэньне»), у якім ажывуць гісторыя, маладыя гераіні і героі беларускага року.

У апошнія гады жыцьця, пакутуючы на цяжкую цукровіцу, Вітаўт з скрухаю казаў, што альбомы выміраюць, што слухаць музыку праз тэлефон — гэта пародыя, а ўсеагульная даступнасьць ператварае культуру ў звалку тэхнічных дасягненьняў.

На мэмарыяльным канцэрце, прысьвечаным ягонаму 60-годзьдзю, на сцэну падымаліся ўжо легендарныя музыкі — Андрэй Плясанаў, Алег Хаменка, Аляксандар Памідораў, Алесь Таболіч... Напэўна, шмат каму мроілася: выйдзеш у фае, а там, як зазвычай, стаіць за сталом з дыскамі і кнігамі сам юбіляр.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 3-е выданьне, 2020, с. 688–689.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG