Дата дня
3 ліпеня 1949 году нарадзіўся Віктар Купрэйчык, беларускі гросмайстар па шахматах, грамадзкі дзеяч.
Калі побач з словам «шахматы» паставіць назву нашай краіны, трэцім у гэтым шэрагу ўзьнікне імя — Віктар Купрэйчык.
Першы беларускі міжнародны гросмайстар, ён выступаў больш як у ста краінах, згуляў на спаборніцтвах рознага ўзроўню (ад чэмпіянатаў Беларусі да першынства Эўропы і сьвету сярод сэньёраў) 4000 партыяў. Ягонымі супернікамі былі Тыгран Петрасян, Барыс Спаскі, Віктар Карчной, Васіль Смыслоў, Бэнт Ларсэн, Анатоль Карпаў, Гары Каспараў. Чэмпіёнам сьвету Купрэйчык ня стаў, але перамагаў чэмпіёнаў на самых прэстыжных турнірах. Пра шахматную творчасьць беларускага гросмайстра надрукаваныя сотні артыкулаў і рэпартажаў, зьняты фільм. У Канадзе выйшаў зборнік ягоных выбраных партыяў.
Адмыслоўцы кажуць, ягонай стыхіяй была нястрымная атака з каскадам ахвяраў на алтар перамогі. У журналісцкіх колах яго, выпускніка журфаку БДУ, называлі проста Купрэй, а ў шахматных — Менскі д’Артаньян.
Ягоным дэвізам было: ніколі не здавацца да пачатку партыі. Ня толькі ў шахматнай гульні.
Неўзабаве пасьля чарнобыльскай катастрофы Купрэйчыка ад спартовага таварыства «Дынама» накіравалі з шэфскай паездкай у зону. Не пасьпеў вярнуцца — званок ад дынамаўскага функцыянэра: падавай дакумэнты на пасьведчаньне ліквідатара, выгадная справа. «Ды я ж там усяго дзень прабыў!» І паслаў чыноўніка далёка-далёка ад шахматнай дошкі.
Калі ў 1997-м адбываліся выбары прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, гросмайстар Купрэйчык быў адзіны, хто падняўся і цьвёрда сказаў: галасаваць ня будзе. Ня будзе, бо паводле Алімпійскай хартыі дзейны прэзыдэнт краіны ня можа быць абраны на гэтую пасаду.
Віктар выйшаў з залі.
Пакаяннага ліста ён, не ўважаючы на шматлікія парады, не напісаў.
Разам зь філёзафам Генадзем Грушавым, паэтамі Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным ён стаяў ля вытокаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Яе лідэр Уладзімер Някляеў запытаўся, ці трэба яму зь ягонымі праблемамі палітыка, Купрэйчык адказаў: «Праўда — не палітыка». А тады, як Някляеў сышоў з кампаніі, гросмайстар супакоіў яго: «Ты ж ня з праўды сышоў».
Кажуць, жыцьцё для яго не было гульнёй, але гульня была жыцьцём. Але па-за межамі сваёй шахматнай гульні працягласьцю на цэлы лёс Віктар цікавіўся гісторыяй, мастацтвам, літаратурай.
За грошы, выйграныя на вэтэранскім турніры, выдаў па-беларуску кнігу выбранай прозы і паэзіі Івана Буніна. Грошы, што перакладчыкі не ўзялі ад яго як ганарар, аддаў на надмагільны помнік Рыгору Барадуліну.
У час разьвітальнай цырымоніі над труною Купрэйчыка гучалі ягоныя ўлюбёныя «Кони привередливые» Ўладзіміра Высоцкага.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 706–707.
Таксама ў гэты дзень
1655 — маскоўскія войскі ўзялі Менск падчас вайны 1654–1667 гг. Горад быў спустошаны.
1660 — войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі ад маскоўскага войска горад Менск і тэрыторыю да ракі Беразіны.
1890 — штат Айдаха ўвайшоў у склад ЗША, стаўшы 43-м штатам.
1944 — вызваленьне Менску Чырвонай Арміяй ад нацысцкай акупацыі.
1962 — Францыя абвясьціла незалежнасьць Альжыру, бо на рэфэрэндуме за гэтае рашэньне выказаліся 75% тых, хто прагаласаваў. Часовы ўрад Альжыру ў выгнаньні вярнуўся ў краіну.
1964 — у ЗША прыняты Закон аб грамадзянскіх правах, які забараняе расавую сэгрэгацыю.
1973 — у Хэльсынкі пачала працу Нарада па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Праз два гады ў сталіцы Фінляндыі будзе падпісаны Заключны акт нарады.
1996 — Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі на другі тэрмін.
У гэты дзень нарадзіліся
1883 — Франц Кафка, нямецкамоўны пісьменьнік.
1896 — Яраслаў Кастыцэвіч, беларускі пэдагог, грамадзкі і царкоўны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускамоўнай асьветы на Беласточчыне пасьля ІІ Сусьветнай вайны.
1910 — Аляксей Грыцук, беларускі грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнаўца, настаўнік, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады.
1918 — Рыгор Бярозкін, беларускі літаратуразнаўца.
1937 — Том Стопард, брытанскі драматург.
У памяці
1904 — Тэадор Герцль, аўстрыйскі габрэйскі журналіст, палітык, заснавальнік палітычнага сіянізму.
1969 — Браян Джонс, рок-музыка, гітарыст The Rolling Stones.
1971 — Джым Морысан, амэрыканскі сьпявак, аўтар песень, паэт, пісьменьнік і рэжысэр.