Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень народзінаў Сержука Вітушкі


Сяржук Вітушка. Купальле. Другая палова 1980-х
Сяржук Вітушка. Купальле. Другая палова 1980-х

Падзеі 10 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 красавіка 1965 году нарадзіўся Сяржук Вітушка, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі» — аднаго зь першых моладзевых нацыянальна-дэмакратычных згуртаваньняў у часы СССР.

Страціўшы зрок, ён не разгубіўся, застаўся ў сваёй сыстэме каардынатаў.

Ён вынайшаў «сьляпыя экскурсіі» па Вільні для прыежджых беларусаў. Ён навучыўся добра наўсьлеп кулінарыць. Пачаў пісаць казкі, п’есы і беларускія тэксты на папулярныя мэлёдыі.

Усе апошнія гады Сяржук пакутліва шукаў асабісты шлях да Бога і казаў, што ня можа зразумець, чаму абедзьве галоўныя хрысьціянскія канфэсіі Беларусі не падымаюць голасу супроць перасьледу нязгодных з уладай, супроць зьнішчэньня мовы, якое вядзе нацыю ў нябыт.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

Таксама ў гэты дзень

1710 — у Ангельшчыне пачаў дзейнічаць першы ў сьвеце закон аб аўтарскім праве.

1762 — Шклоў атрымаў герб.

1912 — сутыкнуўшыся з айсбэргам, пацярпеў катастрофу найбуйнейшы акіянскі лайнэр свайго часу «Тытанік». Паўтары тысячы з 2200 ягоных пасажыраў загінулі.

1931 — у Менску адбыліся суды над прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якіх абвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасьці. Сярод асуджаных на пяць гадоў высылкі ў расейскую глыбінку — пісьменьнік Максім Гарэцкі, паэт Уладзімер Дубоўка, літаратуразнаўца Ўладзімер Чаржынскі, гісторык Мікола Ўлашчык ды іншыя. Для большасьці зь іх высылка скончыцца новым прысудам і расстрэлам.

Беларускія пісьменьнікі Максім Гарэцкі і Ўладзімер Дубоўка. Масква. Лета 1928 г.
Беларускія пісьменьнікі Максім Гарэцкі і Ўладзімер Дубоўка. Масква. Лета 1928 г.

1938 — на рэфэрэндуме ў Аўстрыі 99% прагаласавалі за далучэньне краіны да Нямеччыны.

1942 – адбыўся патоп на рацэ Дубравенцы пад Магілёвам, загінулі 2 тысячы чалавек.

2010 — авіякатастрофа пад Смаленскам, у выніку якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ каля 100 прадстаўнікоў польскай палітычнай і вайсковай эліты.

У гэты дзень нарадзіліся

1583 — Гуга Гроцыюс, галяндзкі юрыст, дзяржаўны дзяяч, адзін з заснавальнікаў міжнароднага права.

1847 — Джозэф Пуліцэр, амэрыканскі журналіст, заснавальнік Пуліцэраўскай прэміі.

1899 — Уладзімір Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

1900 — Гаўрыла Гарэцкі, беларускі геоляг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі.

Гаўрыла Гарэцкі і Сьцяпан Некрашэвіч – правадзейныя чальцы Інбелкульту. Менск, лістапад 1926 г.
Гаўрыла Гарэцкі і Сьцяпан Некрашэвіч – правадзейныя чальцы Інбелкульту. Менск, лістапад 1926 г.

1905 — Сьцяпан Баркоўскі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, літаратуразнаўца, этнограф, вязень ГУЛАГу.

1931 — Іван Чыгрын, беларускі літаратуразнаўца.

У памяці

1585 — Рыгор XIII, папа Рымскі, які ўвёў грыгарыянскі каляндар.

1911 — Мікалоюс Чурлёніс, літоўскі мастак і кампазытар.

1954 — Агюст Люм’ер, францускі вынаходнік, старэйшы з братоў Люм’ераў — стваральнікаў кінэматографу.

1982 — Апалёнія Савёнак, настаўніца, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, маці Зоры Савёнак (Кіпель).

Па вайне спадарыня Апалёнія выкладала ў пачатковай беларускай школцы ў нямецкім Рэгенсбургу, а потым у тамтэйшай Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. У 1946-м яна напісала і выдала першы на эміграцыі беларускі лемантар, а ўсьлед за ім яшчэ некалькі падручнікаў для дзяцей.

Калі Савёнкі пераехалі ў ЗША, Апалёнія стала адной з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку і, ня здраджваючы юначаму пакліканьню, праводзіла ўрокі ў нядзельнай беларускай школе, пакінула цікавыя ўспаміны пра Беларусь 1920-х — 1930-х гадоў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG