25 сакавіка іх дапыталі як сьведак у крымінальнай справе аб абразе судзьдзі Горацкага суду Аляксандра Зайцава. Зьняважлівыя выказваньні аб ім нібыта зьявіліся ў сацыяльных сетках. Да сьледчых выклікаюць тых, чые адміністрацыйныя справы за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах разглядаў гэты судзьдзя.
У мясцовы аддзел Сьледчага камітэту абавязвалі прыйсьці сама меней шасьцярым асобам. У трох зь іх, Андрэя Юркова, Натальлі Даронінай і Ларысы Самсонавай, 24 сакавіка адбыліся ператрусы ў межах той жа крымінальнай справы аб абразе судзьдзі. Апэратыўнікі забралі тэлефоны, кампутары, носьбіты інфармацыі, а таксама фотаапарат.