Прысяжныя ў Нью-Ёрку прызналі кіраўніка мэксыканскага наркакартэлю «Сыналёа» Хаакіна Гусмана вінаватым ва ўсіх дзесяці пунктах абвінавачваньня, у тым ліку ў збыце какаіну і гераіну, незаконным захоўваньні зброі і адмываньні грошай.
Картэль «Сыналёа», паводле матэрыялаў справы, за апошнія 20 гадоў картэль пад кіраўніцтвам Хаакіна Гусмана нелегальна паставіў у ЗША сотні тон какаіну, гераіну, марыхуаны і мэтамфэтаміну.
61-гадоваму Гусману (мянушка El Chapo, «Курдупель») пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Адвакаты зьбіраюцца абскардзіць вэрдыкт. Гусман не прызнаў віну ні ў адным з пунктаў абвінавачваньня.
На працэсе, які доўжыўся тры месяцы, выступілі 56 сьведак. Некаторыя зь іх самі былі злачынцамі, але потым пачалі супрацоўнічаць са сьледзтвам у абмен на зьмякчэньне сваёй долі. Да прысяжных на час суду была прыстаўлена ўзброеная ахова, памяшканьне суду патрулявалі узброеныя аўтаматамі паліцыянты ў панцырных камізэльках.
На рахунку «прыватнай арміі» Гусмана — сотні забойстваў, выкраданьняў, катаваньняў. У абвінаваўчым заключэньні сказана, што ён гвалтаваў 13-гадовых дзяўчат, называючы іх «вітамінкамі», бо яны павышаюць яго жыцьцёвы тонус.
Адзін з найбліжэйшых саўдзельнікаў, калюмбіец Алекс Сыфуэнтэс, даваў супраць яго паказаньні на нью-ёрскім працэсе. У прыватнасьці, ён расказаў, што Гусман заплаціў былому прэзыдэнту Мэксыкі Энрыке Пэньня Ньета 100 мільёнаў даляраў, каб той спыніў паляваньне на яго. Пачаткова Ньета нібыта патрабаваў ад наркабарона 250 мільёнаў.
Падчас працэсу адвакаты сьцьвярджалі, што Гусман ня быў кіраўніком картэлю, толькі нешта загадваў, але абвінавачаньне надало аўдыёзапісы перахопленых тэлефонных размоваў Гусмана, якія сьведчылі пра адваротнае.
Гусмана арыштавалі ў Мэксыцы ў 2016 годзе, экстрадавалі ў ЗША ў 2017-м. Да таго ён уцёк з мэксыканскай турмы праз падземны тунэль і пяць месяцаў хаваўся ад мэксыканскіх уладаў.
Картэль «Сыналёа» быў адным з найбуйнейшых пастаўнікоў наркотыкаў у ЗША. Перапраўляліся наркотыкі самымі рознымі спосабамі, у тым ліку на падводнай лодцы і самалётах. Гусман стаў адным з найбагацейшых людзей сьвету. У адпаведны сьпіс часопісу Forbes ён упершыню трапіў у 2009 годзе; тады яго багацьце ацэньвалася ў 1 мільярд даляраў.