Выканкам Арганізацыі ў справе забароны хімічнай зброі (OPCW) прагаласаваў за ўнясеньне нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» у сьпіс забароненых рэчываў. За такое рашэньне выказаўся 41 член выканкаму.
Наконт унясеньня «Навічка» у сьпіс, які прыкладаецца да Канвэнцыі ў справе забароны хімічнай зброі, хадайнічалі ЗША, Вялікабрытанія і Нідэрлянды.
У Расеі, якая таксама ўваходзіць у OPCW, ёсьць 90 дзён на тое, каб апратэставаць рашэньне.
Пасьля завяршэньня ўсіх працэдур «Навічок» стане першым рэчывам, дададзеным у сьпіс OPCW з моманту яго прыняцьця. Сьпіс быў складзены ў 1997 годзе.
4 сакавіка ў ангельскім горадзе Солсбэры былі знойдзеныя без прытомнасьці былы супрацоўнік ГРУ Расеі Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расеі паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе і пасьля абменены на расейскіх шпіёнаў, затрыманых у ЗША, і яго дачка Юлія. Брытанскія ўлады заявілі, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» і ўсклалі адказнасьць за злачынства на Расею. Пасьля доўгага лячэньня Сяргей і Юлія Скрыпалі выжылі.
Паводле дадзеных брытанскіх уладаў, замах учынілі два агенты расійскай вайсковай выведкі, вядомыя пад імёнамі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Расьсьледніцкая група Bellingcat сьцьвярджае, што сапраўднае імя Пятрова — Аляксандар Мішкін, а Башырава — Анатоль Чапіга.
Крэмль адмаўляе датычнасьць да інцыдэнту ў Солсбэры.