Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Грузіі закідае Саакашвілі датычнасьць да забойства


Міхаіл Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі

У Дэпартаменце канстытуцыйнай бясьпекі (ДКБ) Грузіі ў 2007 годзе распрацоўвалі плян замаху на бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, санкцыю на забойства якога даў тагачасны прэзыдэнт краіны Міхаіл Саакашвілі, паведаміла 17 кастрычніка Галоўная пракуратура Грузіі.

Прадпрымальнік і блізкі сябра Барыса Беразоўскага Бадры Патаркацышвілі ў той час жыў у Тбілісі і дапамагаў грузінскай апазыцыі, якая дамагалася адстаўкі тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.

Абвінавачваньні выставілі тром былым высокапастаўленым супрацоўнікам ДКБ на падставе аўдыёзапісаў, якія выявілі ў аднаго зь іх падчас ператрусу.

Запісы датуюцца 4 і 5 лютага 2007 году. На іх — размова паміж кіраўнікамі Дэпартамэнту канстытуцыйнай бясьпекі і Апэратыўнага сьледчага дэпартамэнту МУС, у якой абмяркоўваюцца мэтады забойства Патаркацышвілі, вярбоўка супрацоўнікаў аховы і пэрсаналу бізнэсоўца. У тым ліку гаворка ідзе пра магчымасьць нанясеньня на дзьвярную ручку ягонага дома атрутнага рэчыва.

У пракуратуры паведамілі, што, паводле папярэдніх дадзеных, якія патрабуюць праверкі, загад аб «ліквідацыі» Бадры Патаркацышвілі «сілавікі» атрымалі асабіста ад экс-прэзыдэнта. Але крымінальная справа супраць самога Саакашвілі пакуль ня ўзбуджаная.

У аўторак, 16 кастрычніка, аднаго з падазраваных затрымалі. Ён заявіў, што невінаваты, а аўдыёзапісы сфальшаваныя.

У лістападзе 2007 году Бадры Патаркацышвілі зьехаў у Лёндан. У лютым 2008 году ён памёр ва ўласнай хаце. Паводле вэрсіі брытанскіх сьледчых, прычынай сьмерці бізнэсоўца стаў інфаркт.

Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе за некалькі дзён да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў, потым жыў у ЗША і Ўкраіне. У 2014 годзе ў Грузіі супраць Саакашвілі былі вылучаныя абвінавачваньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імеды» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, у арганізацыі нападу на дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргвліяні і марнаваньні дзяржсродкаў у 2009-2012 гадах.

У траўні 2015 году Саакашвілі атрымаў пашпарт Украіны, аднак 26 ліпеня 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG