Паводле дасьледаваньня нямецкага эколяга Філіпа Гэртнэра, Менск апярэджвае шэраг сталіц Эўропы па колькасьці зялёных насаджэньняў.
Свой рэйтынг Філіп Гэртнэр склаў на падставе здымкаў 43 эўрапейскіх сталіц, зробленых касьмічным апаратам Sentinel-2. Менск заняў 27 месца.
Дзясятку найбольш зялёных эўрапейскіх сталіц складаюць Сараева, Вадуц, Любляна, Андора-ля-Вэльля, Бэрн, Люксэмбург, Вільня, Талін і Манака.
Абышлі Менск у рэйтынгу і сталіцы суседніх дзяржаваў — Рыга (11 месца), Кіеў (15), Варшава (19).
Затое Менск зелянейшы за Бэрлін (30), Брусэль (34а), Вену (35), Рым (36), Мадрыд (37), Маскву (38), Лёндан (39) і Парыж (41).
Высновы, зробленыя Філіпам Гэртнэрам, Свабода папрасіла пракамэнтаваць каардынатара грамадзкай кампаніі «Гарадзкі лясьнічы» Ігара Корзуна і эколяга Валерыя Дранчука.
«Аднаўзроставыя дрэвы ў бэрлінскіх і менскіх парках выглядаюць па-рознаму»
Ігар Корзун кажа, што ён прыхільнік ня колькаснага, а якаснага падыходу.
«Я ведаю гарады ў Эўропе, у якіх колькасьць дрэваў і зялёных насаджэньняў значна меншая, чым у Менску. Але якасьць гэтых насаджэньняў значна вышэйшая, — кажа Корзун. — То бок якасьць тэрыторыі парку вызначаецца ня колькасьцю дрэваў, якія на ёй растуць. У Менску ёсьць такія прыклады — цудоўны парк Дружбы народаў.
Мы можам засадзіць дрэвамі ўвесь наш горад. Але жыць у ім будзе няўтульна. Сказаць, што Менск зялёны горад, можна. Але якое дачыненьне гэта мае да якасьці жыцьця ў гэтай зялёнай прасторы?
Трэба зьвяртаць увагу на дрэвы, якія растуць у нашым горадзе. Да прыкладу, аднаўзроставыя дрэвы ў бэрлінскіх і менскіх парках і сквэрах выглядаюць па рознаму.
У Бэрліне 60-гадовае дрэва можа быць у дыямэтры сантымэтраў 60, размах кроны ў гэтага дрэва можа быць 15–20 мэтраў. А ў менскіх сквэрах і парках дрэвы пасаджаныя так густа і шчыльна, што 60-гадовае дрэва ледзь дасягае 20 сантымэтраў. Размах кроны ледзь дасягае пяці мэтраў.
Мы будавалі паркі і сквэры, а яны ператварыліся ў кіпарысавы гай, цёмныя і шчыльныя, і там унізе нічога не расьце. Якасьць зялёных тэрыторый нізкая, і людзі імі не карыстаюцца. Тое ж водна-зялёнае кальцо Лошыцкай воднай сыстэмы са спадарожніка выглядае як зялёная тэрыторыя. Але гуляць там немагчыма».
Плян: на аднаго менчука — 21 кв.м зеляніны
Паводле генпляну разьвіцьця Менску на бліжэйшыя 15 гадоў плянуецца падняць нарматыў сярэдняга забесьпячэньня аднаго жыхара зялёнымі тэрыторыямі да 21 кв.мэтра (цяпер каля 18 кв. мэтраў).
Паведамляецца, што да 2030 году зьявіцца больш за 2 тысячы гектараў новых паркаў і сквэраў у заходнім сэктары беларускай сталіцы (Каменная Горка, Кунцаўшчына, Масюкоўшчына, Дамброўка, Захад, Сухарава, Паўднёвы Захад, Малінаўка, Брылевічы). Будзе сфармавана 11 турыстычных зонаў. Па нормах Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя мінімальная колькасьць зеляніны на чалавека — 9 квадратаў.
«Пакуль што ў нас кіруюць дэвэлапэры»
Паводле Ігара Корзуна, горадабудаўнічая палітыка пакуль грунтуецца вакол дэвэлапэрскага бізнэсу, а не турыстычнага.
А ў выніку ў ядры гораду зялёную зону зьнішчаюць
«Пакуль што ў нас кіруюць дэвэлапэры, і ёсьць шанец, што тое, што яны цяпер набудуюць, праз 10 гадоў наагул нікому ня будзе патрэбна: ня толькі замежным гасьцям, але і гараджанам, — кажа Корзун. — З 2016 году, калі ў тэрыторыю гораду былі ўключаныя тэрыторыя Менскага мора і Вялікага Сьціклева, тэрыторыя зялёнай зоны павялічылася ў разы. Мы яшчэ можам уключыць пэўную колькасьць лясоў вакол Менску. А ў выніку ў ядры гораду зялёную зону зьнішчаюць. У нас жа Асмолаўку ніхто не ўспрымае як зялёную зону.
Я неяк падлічыў колькасьць дрэваў у Асмолаўцы і колькасьць дрэваў на такой жа тэрыторыі парку імя Янкі Купалы. У Асмолаўцы колькасьць дрэваў меншая, чым у парку імя Купалы, усяго ў два з паловай разы. А колькасьць дрэваў на адзінку плошчы ў парку Горкага меншая, чым у Асмолаўцы.
Нормы азеляненьня не на нашым баку, яны на баку чыноўнікаў. Яны могуць іх мяняць, уключыўшы ў гарадзкую тэрыторыю нейкі зялёны масіў. І тэрыторыя гораду стане больш зялёнай».
«Гэта падстава задумацца, якая ў нас пэрспэктыва»
Эколяг Валеры Дранчук кажа, што ў Менску не хапае зялёных аазісных мясьцін, мала паркаў і сквэраў.
«Іх меншае, іх або падразаюць, альбо падціскаюць, і несумненна, што ў зялёным сэнсе горад страчвае свае пазыцыі, — кажа эколяг. — А тое, што Менск абышоў некаторыя гарады ў гэтым рэйтынгу, гэта падстава ня столькі радавацца, колькі задумацца над тым, якая ў нас пэрспэктыва наперадзе. Гэта падстава паглядзець на сябе крытычна.
Мы можам спачуваць гарадам, якія Менск абышоў, але радавацца няма падстаў. Бо ў нас зялёнай масы меншае. Асабліва старых дрэваў, купчастых, маляўнічых. Тых сылюэтаў, якія ўпрыгожвалі наш горад 20 гадоў таму, я ўжо ня бачу. Ёсьць пасадкі ля офісаў, на дызайнэрскіх лужках, але мала натуральных пасадак.
Сытуацыю трэба кантраляваць грамадзтву. Асабліва што тычыцца насаджэньняў каля жылых масіваў. Было змаганьне за дрэвы ў Севастопальскім парку, у парку 40-годзьдзя Вялікага Кастрычніка, які быў фактычна аддадзены на плаху. Там пабудавалі гатэль „Пэкін“. То бок гэтыя страты былі, ёсьць, і яны нас павінны вельмі насьцярожваць».
Лукашэнка загадаў «спыніць гэты разбой»
У цэнтры Менску гараджане не аднойчы выступалі супраць высечкі дрэваў дзеля новага будаўніцтва. У новых мікрараёнах зялёных насаджэньняў наагул бракуе.
На пачатку кастрычніка абаронцаў зялёных насаджэньняў раптам падтрымаў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе, прысьвечанай праекту новага Жыльлёвага кодэксу, ён абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы на месцах лесапасадак і лясных масіваў, назваўшы гэта «разбоем». І загадаў яго спыніць.