Артыкул Альбрэхта Майера ў нямецкім выданьні Tagesspiegel прысьвечаны пэрспэктывам збліжэньня Беларусі і Эўразьвязу ў сьвятле таго ўнёску, які «чалавек-сінусоіда» Аляксандар Лукашэнка зрабіў у мірнае ўрэгуляваньне ва Ўкраіне.
«З аўтакратаў у міратворцы — гэта быў дзіўны крок, які ў лютым гэтага году зьдзейсьніў Аляксандар Лукашэнка, — піша аўтар пра менскую канфэрэнцыю, на якой было прынятае пагадненьне аб спыненьні агню на ўсходзе Ўкраіны. — Пры гэтым амаль усе забыліся, што гэты 60-гадовы мужчына ў сябе ў краіне жорстка ўціскае апазыцыю». Лукашэнка — майстар тактычнай гульні, ён «па-майстэрску нацкоўвае паміж сабой Расею і Захад», гаворыцца ў артыкуле. Дынаміку адносінаў Лукашэнкі да Эўразьвязу польскі дыплямат, які пажадаў захаваць ананімнасьць, параўнаў з «сінусоідай»: «Тое ўніз, то ўверх».
Лукашэнка «між тым выявіў, што залішне цесны саюз з Расеяй таксама нясе ў сабе значныя рызыкі. Экспарт беларускіх тавараў у Расею з-за тамтэйшага эканамічнага крызісу знаходзіцца ў жаласным стане. Таму пашырэньне доступу беларускіх прадуктаў на эўрапейскія рынкі таксама можа прадстаўляць цікавасьць для Лукашэнкі».
Пасьля прарыву на перамовах па Ўкраіне, якія праводзіліся ў яго прэзыдэнцкім палацы, Лукашэнка даў зразумець, што быў бы рады запрашэньню на маючы адбыцца саміт Усходняга партнэрства, які пройдзе 21-22 траўня ў Рызе, і гэта «нягледзячы на забарону на ўезд у ЭЗ» . Тым ня менш, нейкі эўрапейскі дыплямат у інтэрвію Tagesspiegel сказаў наступнае: «Мы чакаем прадстаўніка Беларусі на саміце ў Рызе, але не спадара Лукашэнку», піша партал Inopressa.
Аналягічную думку выказаў і намесьнік старшыні фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу Франц Ёзэф Юнг: «З прычыны ўнутрыпалітычнай сытуацыі ўдзел прэзыдэнта Лукашэнкі не ўяўляецца магчымым». Усё магло б зьмяніць вызваленьне беларускіх палітычных зьняволеных, сказаў палітык, і дадаў: «Але я разьлічваю, што на саміт прыедзе высокапастаўлены прадстаўнік менскага ўраду». Іншымі словамі, «зьмякчэньня забароны на ўезд для аўтакрата не прадбачыцца», рэзюмуе аўтар.
На яго думку, Рыскі саміт будзе праходзіць «з аглядкай на Расею». Хоць у Украіны, Грузіі і Малдавіі больш шанцаў на збліжэньне з ЭЗ, чым у Беларусі, зь імі Эўразьвяз таксама вядзе сябе «стрымана» — і на тое ёсьць прычына: «У Брусэлі выдатна разумеюць, што Ўкраіна, Грузія і Малдова вельмі зацікаўлены ў тым, каб Брусэль падтрымаў іх у супрацьстаяньні з Расеяй. Але, як сказаў адзін эўрапейскі дыплямат, нельга „выбудоўваць фронт супраць Расеі“. У рэшце, у ЭЗ яшчэ сьвежыя балючыя ўспаміны аб саміце Ўсходняга партнэрства ў лістападзе 2013 года. Тады сарвалася заплянаванае раней падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з Украінай. Праз чатыры месяцы ва Ўкраіне пачалася вайна, і яна працягваецца да гэтага часу», — заключае Майер.