Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўніком папы Францішка


Кардынал П’етра Паралін (зьлева)
Кардынал П’етра Паралін (зьлева)

Капрдынал прыбыў увечары 12 сакавіка на запрашэньне беларускіх уладаў і будзе знаходзіцца ў Менску да 15 сакавіка. Дзяржаўны сакратар Ватыкана плянуе асьвяціць першы камень новага будынку апостальскай нунцыятуры (вуліца Залатая Горка, 11) ў Менску, сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам, а таксама з сябрамі Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Акрамя таго, кардынал Паралін прыме ўдзел у Міждыяцэзіяльным велікапосным чуваньні моладзі, якое пройдзе ў ноч з 14 на 15 сакавіка ў менскім касьцёле Святых Сымона і Алены. Раніцай 15 сакавіка дзяржсакратар Ватыкана ўзначаліць сьвятую імшу ў менскім архікатэдральным касьцёле.

У паведамленьні апостальскай нунцыятуры пра візыт кардынала Параліна адзначаецца, што такім чынам папа рымскі Францішак «жадае выказаць сваю глыбокую павагу беларускаму народу і праз свайго бліжэйшага супрацоўніка сустрэцца з каталікамі Беларусі ў малітве і адзінстве сэрцаў».

Кардынал П’етра Паралін прыбыў у Менск рэгулярным рэйсам.

У аэрапорце яго віталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці і амбасадар Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік.

Таксама на цырымоніі вітаньня госьця з Ватыкана прысутнічалі ўсе біскупы каталіцкага касцёла ў Беларусі, а таксама Апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі. Як паведамляе сайт Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, пасьля прылёту ў Беларусь кардынал паразмаўляў з прэсай. У прыватнасьці, ён адзначыў, што яго візыт як прадстаўніка Святога Айца — гэта прызнаньне Беларусі, беларускага народу, Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з боку Апостальскай Сталіцы і Святога Айца.

«Кажучы пра ролю Беларусі для ватыканскай дыпляматыі, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, кардынал назваў Беларусь вельмі важнай пляцоўкай для вырашэння ўкраінскага крызысу. Дзяржаўны Сакратар дадаў, што тут гаворка ідзе перш за ўсё пра менскія перамовы і пагадненьні. Па словах іерарха, Святы Пасад вельмі жадае вырашэньня гэтага крызісу, і Беларусь адыгрывае ў гэтым надзвычай вялікую ролю», паведамляе сайт Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына ў інтэрвію Catholic.by заявіла з нагоды візыту:

«Візыт Яго Эмінэнцыі кардынала П’етра Параліна ў Беларусь — гэта візыт афіцыйны, які мае вельмі важны статус і адбываецца на запрашэньне беларускіх уладаў. Гэты візыт праходзіць у вельмі турбулентны час, калі ў рэгіёне назіраецца надзвычай цяжкая сітуацыя. Гэта вельмі сымбалічны жэст, які яшчэ раз падкрэсьлівае і міралюбівы характар нашай краіны, і тую прыхільнасьць, якую наш урад заўсёды вызнае ў межах міжканфэсійнага дыялёгу».

У 2008 годзе Менск наведаў кардынал Тарчызіо Бэртонэ, які тады зьяўляўся дзяржсакратаром папы Бэнэдыкта XVI.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG