Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі адкажа сёньня на пытаньні журналістаў. Жывая трансьляцыя а 15-ай


Міхаіл Хадаркоўскі
Міхаіл Хадаркоўскі
Экс-кіраўнік нафтавай кампаніі ЮКОС Міхаіл Хадаркоўскі сёньня днём, як чакаецца, дасьць прэсавую канфэрэнцыю ў Бэрліне, куды ён прыбыў у пятніцу пасьля таго, як у той жа дзень быў вызвалены з калёніі ў Карэліі.

Учора бізнэсмэн сустрэўся ў нямецкай сталіцы з чальцамі сваёй сям’і, бацькамі Марынай і Барысам Хадаркоўскім, а таксама сынам Паўлам. «Газета. ру» паведамляе, што ў Бэрлін павінна была прыбыць і жонка Міхаіла Хадаркоўскага Іна. Паводле агенцтва France-Presse, адна з даўніх сяброў Хадаркоўскага, дэпутат парлямэнту ФРГ Марылюізэ Бэк пасьля размовы зь ім у Бэрліне сказала, што пытаньне аб вяртаньні бізнэсмэна ў Расею «на парадку цяпер не стаіць». Бэк, аднак, тут жа дадала, што «ў яе няма мандату» казаць аб плянах Міхаіла Хадаркоўскага.

У суботу прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Хадаркоўскі можа вярнуцца ў Расею.

20 сьнежня Хадаркоўскі быў памілаваны ўказам прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна, які днём раней на вялікай прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве заявіў, што бізнэсмэнам было пададзена адпаведнае прашэньне. Рашэньне памілаваць Хадаркоўскага расейскі прэзідэнт матываваў меркаваньнямі гуманнасьці, тым, што ў экс-кіраўніка ЮКОСа сур’ёзна хворая маці, а таксама тым, што ён ужо адсядзеў 10 гадоў, і гэта вялікі тэрмін.

Ужо пасьля таго, як Хадаркоўскі прыбыў у Бэрлін, былы кіраўнік ЮКОСа выдаў заяву, пацьвердзіўшы, што пісаў прашэньне аб памілаваньні, але аб прызнаньні віны гаворкі не ішло.

Палітоляг, дырэктар германа-расейскага форуму Аляксандар Рар распавёў, што перамовы аб вызваленьні Хадаркоўскага доўжыліся два з паловай гады. Увесь гэты час Рар кансультаваў экс-кіраўніка МЗС Нямеччыны Ганса-Дытрыха Геншэра, які і вёў перамовы з расейскім бокам па дыпляматычных каналах. Геншэр сустракаў Міхаіла Хадаркоўскага пасьля вызваленьня ў бэрлінскім аэрапорце.

Тэрмін зьняволеньня Хадаркоўскага мусіў закончыцца ў жніўні наступнага году. Хамоўніцкі суд Масквы ў сьнежні 2010 году прызнаў яго і іншага былога саўласьніка ЮКОСа Платона Лебедзева вінаватымі ў крадзяжы нафты, прысудзіўшы падсудных (па другой крымінальнай справе супраць іх) да 14 гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней Масгарсуд скараціў гэты тэрмін да 11 гадоў.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ ПРЭСАВАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ СЁНЬНЯ А 15-АЙ НА НАШЫМ САЙЦЕ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG