Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харэўскі: Партрэт Лукашэнкі пэндзля Сафронава — фатажаба


Карціна Нікаса Сафронава «Партрэт Лукашэнкі ў касцюме Францыска Скарыны» на выставе ў Берасьці. Фота «Брестской газеты». © Брестская газета
Карціна Нікаса Сафронава «Партрэт Лукашэнкі ў касцюме Францыска Скарыны» на выставе ў Берасьці. Фота «Брестской газеты». © Брестская газета
Расейскі мастак Нікас Сафронаў сярод 76 сваіх прац на сьвецкую і рэлігійную тэмы прэзэнтаваў партрэт Аляксандра Лукашэнкі ў сярэднявечным строі.

Карціны выстаўленыя ў мастацкім музэі, які знаходзіцца ў Паўднёвых казармах Берасьцейскай крэпасьці.

Партрэт Лукашэнкі вісеў на вэрнісажы толькі адзін дзень. Яго зьнялі з выставы, каб губэрнатар вобласьці Канстанцін Сумар асабіста адвёз твор у падарунак кіраўніку краіны.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі невысока ацэньвае выяўленчую дзейнасьць Нікаса Сафронава, лічыць, што яго карціны — гэта постмадэрнісцкі жарт:

«Нікас Сафронаў належыць да плыні такіх «іконаў стылю» як Анастасія Валачкова ды Сяргей Зьвераў. Гэта асобы, для якіх імідж важней за справу і творчасьць. Іншымі словамі, імідж — гэта і ёсьць іх справа, іх даход. Нікас Сафронаў зьяўляецца галоўным мастаком расейскай рэдакцыі эратычнага часопіса для мужчын «Penthouse». Тыя, хто цікавіўся часопісамі для мужчын, лёгка зразумеюць, на якую аўдыторыю і якія густы разьлічаная выяўленчая дзейнасьць, якая была прадстаўленая ў Берасьці.

Што тычыцца самой выставы, то ў некаторых творах прысутнічае антрапаморфнасьць. Глямурныя коцікі і кошачкі ў чалавечых уборах. Таму на месцы Лукашэнкі з такім жа посьпехам магла б быць галава ката.

Што тычыцца вобразу Лукашэнкі, то гэта ўжо ня першы яго партрэт. Былі канцэптуальныя сатырычныя партрэты, зробленыя Артурам Клінавым, дзе ён перафразаваў карціну расейскага мастака Барыса Кустодзіева «Чаепіцьце». Ёсьць партрэт Лукашэнкі ў вобразе галоўнакамандуючага на вучэньнях пяра Мікалая Апійка, гэтая праца вісіць у фае Дома афіцэраў. З маіх назіраньняў яна выклікае вялікую цікавасьць з боку выпадковых наведнікаў і глядзіцца абсалютна іранічна. Без усьмешкі глядзець на гэты нібыта цалкам сур’ёзны партрэт немагчыма. Я думаю, такі самы лёс чакае і выяву, зробленую Сафронавым, якая так і просіцца ў катэгорыю фатажабаў.

Тут можна прыгадаць выраз Лукашэнкі, які стаў крылатым, пра Скарыну ў Піцеры і пашкадаваць, што Сафронаў ня выявіў ззаду краявіды Санкт-Пецярбургу. Можна жартаваць далей і дажартавацца да таго, што наступным разам будзе партрэт Лукашэнкі ў выглядзе Васіля Быкава альбо Ўладзімера Караткевіча ці Янкі Купалы. Нешта такое з шэрагу беларускага трэшу.
Таксама мы бачым, які эрзац сваёй культуры дэманструе нам Расея, таму што выстава арганізаваная пад патранажам Расейскай фэдэрацыі. Бачым тое, як сябе хоча пазыцыянаваць Расея, як консул парупіўся і каго выбраў, каб сюды прывезьці, якія творы выставіць, чым уразіць беларусаў, — вось гэта паказальна.

Што да выяўленчай дзейнасьці Сафронава, то тут варта сказаць, што ён прадстаўнік такой плыні, якая ўзыходзіць да Ільлі Глазунова, Аляксандра Шылава. Гэта спроба рэанімаваць анахранічны акадэмізм параднага жывапісу канца 19 стагодзьдзя. Але ўвесь час Нікас Сафронаў трапляе міма, таму што зьмянілася эпоха, зьмяніліся густы людзей. Таму сёньня такая творчасьць успрымаецца як постмадэрнісцкі жарт. Выяўленчая дзейнасьць галоўнага мастака «Penthouse» — без каліва псыхалягізму, чалавечых характарыстык. Тут выпадак, калі ў мастака нуль думак, нуль уяўленьня і прынцыповае адмаўленьне любога псыхалягізму".

Мастак Аляксей Марачкін лічыць, што перадача партрэта ў падарунак прэзыдэнту гаворыць пра недалёкасьць арганізатараў гэтага дарэньня і адсутнасьць мастацкага густу ў губэрнатара. Таму што партрэт, на думку мастака, гэта зьдзек:

"Я пабачыў твор геніяльнага глямурнага нэаканфарміста Нікаса Сафронава. Ацэньваючы яго мастацкую вартасьць, я мушу адзначыць, што прадметам мастацтва можа быць усё, аднак гэты канкрэтны партрэт — гэта мастацкі зьдзек. Цікава тое, што партрэт зьнялі з выставы і губэрнатар Канстанцін Сумар павязе яго як падарунак Аляксандру Лукашэнку. Гэта гаворыць пра блюзьнерства. Самі таго не разумеючы, і мастак, і чыноўнікі ўдзельнічаюць у блюзьнерстве.

Сам партрэт вельмі невысокай якасьці, напісаны не з натуры, хутчэй за ўсе з фатаздымкаў 10-гадовай даўніны. Што хацеў сказаць аўтар — невядома. Але тое, што каля гэтага партрэту такая рэкляма і тое, што Сумар падорыць яго як прэзэнт, — гэта гаворыць пра недалёкасьць і таго, хто гэта арганізаваў, і адсутнасьць эстэтычнага густу ў губэрнатара. Нікас Сафронаў — скандальны мастак папсы. І нам навязваецца залежнасьць ад расейскіх папсовых зорак, якім у Беларусі даюцца найлепшыя пляцоўкі для выступаў і выставаў.
Хацелася б, каб пасьля атрыманьня гэтай карціны Лукашэнка вярнуў галоўнаму прашпэкту імя Францішка Скарыны. Але, вядома, такога ня будзе".

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG