Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ РЫНАК


Севярын Квяткоўскі, Менск

На пачатку 20 стагодзьдзя па ўсёй Эўропе, у тым ліку і ў Менску, падрабляліся кніжкі за аўтарствам Конан Дойла. Сёньня літаратуразнаўцы сумняюцца ў сапраўднасьці ўсіх твораў Чэйза, Стывэна Кінга ды іншых славутасьцяў. Дарэчы, першыя падробкі зьявіліся ад часу Старажытнай Грэцыі, калі за Плятона дапісваліся дыялёгі.

У якасьці эпіграфу прапаную урывак з парадыйнай перадачы Лявона Вольскага “Квадракола”:

(Вольскі: ) “Хочаце, напішу пра басэйн, хочаце — пра пустэльню, хочаце патрыятычную, хочаце камуністычную. Ёсьць прынцыпы творчыя, і яны гавораць, што трэба пісаць пра ўсё”.

(Астраўцоў: ) “Былі кампіляцыі гістарычныя, тэхнічныя, і навуковыя, і пабытовыя, і баевіковыя, і дэтэктыўныя…”

Алесь Астраўцоў за некалькі гадоў напісаў некалькі дзясяткаў кніжак камэрцыйнага кшталту. Напісаў па-расейску, пад прыдуманымі выдаўцамі псэўданімамі. На пачатку 1990-х ён фігураваў як малады беларускі літаратар, што падае надзеі. Пра той пэрыяд галоўны рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Праўдзін кажа наступнае:

(Праўдзін: ) “Усе кінуліся пісаць, па-расейску, з выдуманымі прозьвішчамі... Гэта ўсё нашы пішуць, нашы! Зьявіўся цэлы інстытут літаратурнага рабства. Рабства менавіта ў дэтэктыўным жанры. Вельмі харошыя нашы пісьменьнікі, яны ператварылі сваю творчасьць у баевікі. Ня кожны прызнаецца сваім сямейнікам, што гэта ён напісаў”.

Сапраўды, многія з тых, хто зарабляў на жыцьцё ананімнай літаратурнай працай, адмовіліся размаўляць са мной на тую тэму. Цяпер у Менску вырабляецца каля 10% баевікоў, трылераў і дэтэктываў расейскамоўнага кніжнага рынку, якія ахопліваюць больш за 200 мільёнаў чалавек. Варта дадаць жаночыя раманы, парады гаспадыням, містыку, ды падобнае. Хто ў Беларусі прадукуе падобную літаратуру?

(Адамчык: ) “Зьмяніўся сьвет, зруйнавалася ілюзія, што пісьменьнік — нейкая абраная асоба. Тады людзі паверылі, што адукаваны чалавек здатны напісаць раман. Усе з задавальненьнем гулялі ў пісьменьнікаў”.

Так мяркуе Ўладзімер Адамчык. Разам з братам Міраславам ён заснаваў фірму, якая сярод іншага пастаўляе на расейскі рынак камэрцыйную літаратуру:

(Адамчык: ) “Ёсьць пэрыяды, калі модныя дэтэктывы. Ёсьць пэрыяды, калі модныя сэрыяльныя раманы. Адпаведна, прыходзяць людзі-імітатары зь невялікімі здольнасьцямі, але здатныя напісаць звычайную кніжку”.

Уладзімер Адамчык падкрэсьлівае, што цяпер больш цікава й прыбыткова займацца сур’ёзнымі кніжкамі — энцыкляпэдыямі, даведнікамі. Але бульварная літаратура застаецца ў сіле. Хіба дэтэктыў саступіў месца таму, што спадар Адамчык называе “цемрашальствам” — містыка, жахі. Ёсьць попыт, значыць, ёсьць тыя, хто працуе. Алесь Астраўцоў прызнаецца: надта вялікіх грошай яму зарабіць не ўдалося:

(Астраўцоў: ) “Расейская сыстэма кніжнага бізнэсу, яна пабудаваная на мінімальным кошце аплаты працы самаго літаратара. Ва ўсёй структуры кніжнага бізнэсу самае апошняе зьвяно — гэта літаратар. Ты пішаш, а плацяць табе столькі, каб папросту аднавіць той энэргетычны рэсурс, які ты патраціў на напісаньне”.

Ці справядлівае азначэньне “літаратурны раб”?

(Астраўцоў: ) “Калі проста бярэш замову, прыносіш гатовы тэкст і атрымліваеш за гэта грошы, якія табе абяцалі, — усё нармалёва. Але ёсьць людзі, якім хочацца падавіць цябе псыхалягічна: “ты мой працаўнік, ніжэйшая за мяне асоба”. Для такіх гэты выраз, канечне, вельмі справядлівы”.

Алесь Астраўцоў мяркуе, што чалавек робіцца рабом роўна настолькі, наколькі сабе дазваляе сам. Скуль жа бярэцца залежнасьць аўтара ад выдаўца-“рабаўладальніка”?

(Астраўцоў: ) “У такіх людзей літаратары крыху больш атрымліваюць. За адзін і той ж аб’ёмам, якасьцю, тэматычна тэкст аднаму плацілася адна сума, другому — у два, тры, чатыры разы больш. Але псыхалягічная нагрузка і атмасфэра вельмі непрыемная. Мала хто доўга вытрымлівае”.

А вось меркаваньне яшчэ аднаго літаратара, які й цяпер пасьпяхова выступае на расейскім рынку бульварнай літаратуры:

(Клімковіч: ) “Літаратурным рабом адносна можна назваць, калі чалавеку сапраўды даецца амэрыканскі фільм, які трэба перарабіць на расейскія рэаліі. Вось пра гэта можна сказаць нават не “літаратурны раб”, а “літаратурны нэгр”. Калі выконваецца абсалютна тэхнічная праца”.

Максім Клімковіч кажа, што можа напісаць кніжку на любую тэму:

(Клімковіч: ) “Мне, зрэшты, як прафэсіяналу, усё адно, толькі каб не разыходзілася з маім сумленьнем. У мяне чачэнцы ніколі ня будуць адмарозкамі й гадамі. Яны будуць тэрарыстамі ў рамане, але ня будуць закончанымі гадамі — у іх будзе свая праўда”.

(Карэспандэнт: ) “Вам не шкада, што столькі часу патрацілі на камэрцыйную дзейнасьць і чагосьці не напісалі дзеля сябе?”

(Клімковіч: ) “Тое, чаго я ня мог не напісаць, я напісаў. Гэта ня горшая праца, пісаць кніжкі, калі я гэта ўмею рабіць. І яшчэ гэта некаму ў кайф. Да таго ж, у кожную кніжку, якую я пішу, укручваю старонак дзесяць сапраўднай літаратуры”.

(Астраўцоў: ) “Займацца гэтым усё жыцьцё нельга, гэта дакладна. Таму што інакш ты проста закрыеш тэму сваёй уласнай творчасьці. Бо спалучаць гэтыя рэчы атрымліваецца зь цяжкасьцю”, — мяркуе Алесь Астраўцоў.

Далей пытаюся ў Максіма Клімковіча:

(Карэспандэнт: ) “Можна быць адначасова і беларускім пісьменьнікам, і расейскім пісьменьнікам?”

(Клімковіч: ) “Прынцыпова можна, трэба мець усярэдзіне тумблер. Каб было валоданьне мовай. Дастаткова беларускіх нацыяналістаў, людзей, хто ў жыцьці ўвесь час гаворыць па-беларуску, думае па-беларуску. І якія спакойна працуюць на расейскім рынку, і канкуруюць вельмі добра”.

Выглядае, што расейскіх пісьменьнікаў у нас значна болей за тых беларускіх нацыяналістаў, што працуюць пад псэўданімамі на расейскім рынку. Прынамсі, Уладзімер Адамчык да расейскіх залічае ўсіх сяброў Саюзу пісьменьнікаў, што пішуць па-расейску:

(Адамчык: ) “Ёсьць такая фармулёўка — “беларускі пісьменьнік, які піша па-расейску”. А “беларускі пісьменьнік, які піша па-кітайску”, ёсьць такая фармулёўка?”

Пры якіх жа ўмовах можа зьмяніцца сытуацыя? Адказ на пытаньне дае гісторыя Сьвятланы Нячай. Гісторык паводле адукацыі, Сьвятлана сама гадуе дачку, і да нядаўняга часу папросту змагалася за выжываньне.

(Нячай: ) “Напісала я апавяданьні аднойчы (думаю, чаму б і не?). У маскоўскі часопіс “Cosmopolitаn”. Паспрабавала адправіць па электроннай пошце свае апавяданьні, іх прынялі на “ўра”. Выплацілі ганарар, і з тых часоў усё стала лепш”.

Сьвятлана піша жаночыя “love-stories”. Ёй прапанавалі пастаяннае супрацоўніцтва. Нячай не адчувае сябе літаратурнай рабыняй:

(Нячай: ) “Вельмі прыемна. Забываеш, што пішаш дзеля грошай, захопліваесься. Вялікія надзеі... Масква — вялікія надзеі”.

Чаму Сьвятлана Нячай ня сталася фігурантам беларускай літаратуры? Адказ вельмі просты — у Маскве ёй заплацілі ня ў два ці тры, а ў дзесяць разоў болей, чым прапанавалі ў Менску.

Дык пры якіх умовах беларускія літаратары пачнуць пісаць па-беларуску для Беларусі? Адказ вельмі просты: калі ў Беларусі запануе рынак. І беларускія выдаўцы зоймуцца інтарэсамі беларускіх спажыўцоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG