Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ФОЛК-ГУРТ “ЮР’Я” ПАЗБАВІЛІ МАГЧЫМАСЬЦІ СПАБОРНІЧАЦЬ ЗА ПУЦЁЎКУ НА КОНКУРС “ЭЎРАБАЧАНЬНЕ-2004”


Ігар Карней, Менск

“Юр’я” мелася прэзэнтаваць на конкурсе беларускую абрадавую песьню “Го-го-го каза” (другая назва “Калі-чакра”). Першая частка твору — гэта аўтэнтычная народная мелёдыя, другая і прыпеў — сучасныя аўтарскія інтэрпрэтацыі Юрыя Выдронка. У гэтым сэнсе, а ў дадатак сьпеў па-беларуску, кампазыцыя адпавядае фармату, акрэсьленаму аргкамітэтам “Эўрабачаньня”: эўрапейская поп-музыка з элемэнтамі нацыянальнага калярыту. Аднак, аргкамітэт у Беларусі, а ў якасьці арганізатараў выступае Нацыянальная тэлерадыёкампанія, палічыла мастацкія вартасьці конкурснага твору “Юр’і” меней істотнымі за тэхнічныя патрабаваньні, бо ў акрэсьлены тэрмін ня быў падпісаны адмысловы кантракт.

Генэральны прадусар Першага нацыянальнага каналу Ўладзімер Максімкоў канстатуе, што рэч гэта прынцыповая, і астатнія ўдзельнікі з дакумэнтамі, адрозна ад “Юр’і” не марудзілі. Кіраўнік “Юр’і” Юры Выдронак кажа: сапраўды, кантракт трэба было здаць 18 студзеня, але толькі ў гэты дзень ён атрымаў поштай капэрту з усімі паперамі. Адразу ж затэлефанаваў у аргкамітэт: маўляў, ці мачыма падпісаць кантракт непасрэдна ў дзень лёсаваньня? А ў адказ пачуў: “Юр’я” парушыла ўмовы адборачнага туру і з дыстанцыі здымаецца.

Кіраўнік гурту падкрэсьлівае, што “Юр’я” мела высокія шанцы на перамогу ў нацыянальным адборачным конкурсе, бо з усіх 15 удзельнікаў іхны твор ня толькі мае нацыянальныя элемэнты, а цалкам грунтуецца на беларускім фальклёры і аранжыраваны ў сучасным стылі, модным і ў Эўропе.

(Выдронак: ) “Мы мелі вельмі добрыя шанцы. Калі б і ў нас, і ў кагосьці іншага было 30% галасоў, то нас дадаткова падтрымалі б беларускамоўныя гледачы і ўвогуле тыя, хто спачувае беларускай культуры. Мы мелі б дадатковы немалы адсотак, і гэта нас паставіла б увогуле па-за канкурэнцыяй”.

Юры Выдронак перакананы: калі б гурт патрапіў і на фінальны канцэрт у Турэччыне, то і там, нягледзячы на тое, што на “Эўрабачаньні” традыцыйна пануе поп-музыка, “Юр’я” ніяк не згубілася б.

(Выдронак: ) “Па-першае, я думаю, што аўдыторыя ў Эўропе ў пэўнай ступені ўжо падрыхтаваная, бо там апошнім часам папулярныя сталі экспэрымэнты з фольк- і этнамузыкай. Сьвет зьмяняецца, і людзі ўжо хочуць чуць нешта новае. Таму я думаю, што і там мы таксама маглі б мець шанцы. Ня ведаю, як наконт першага месца, але, думаю, мелі б шанцы. Крыўдна, што эўрапейцы не пачуюць беларускай культуры. Нашая музыка не падобная да іншых музычных накірункаў у сьвеце. Мы маглі б прэзэнтаваць Беларусь са сваім тварам”.

Сёньня ў Палацы рэспублікі пройдзе закрыты телезапіс удзельнікаў конкурснай праграмы. Як лічаць некаторыя блізкія да тэлебачаньня асобы, ужо сёньня, а не 31 студзеня, як рэклямуе беларускае тэлебачаньне, могуць быць вызначаныя і пераможца конкурсу, і ягоны дублёр, які таксама паляціць у Стамбул.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG