За выраб парнаграфіі ў Беларусі было прыцягнута да адказнасьці ўсяго тры чалавекі, зь іх два замежнікі. Цяпер яны адбываюць розныя тэрміны пазбаўленьня волі, паводле яшчэ некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Болей падобных выпадкаў міліцыі зафіксаваць не ўдалося. Затое больш актыўна караюць за распаўсюд парнаграфіі.
Паводле беларускага заканадаўства, да крымінальнай адказнасьці не прыцягваюць дарослага чалавека за прагляд парнаграфічных фільмаў і часопісаў. Раней такая прадукцыя трапляла ў Савецкі Саюз з заходніх краінаў. Галоўнымі яе распаўсюднікамі былі замежныя студэнты, якія тады прадавалі яе так званым “фарцоўшчыкам”. Цяпер няма патрэбы ў іх паслугах. Аматары “клубнічкі” могуць атрымаць з Інтэрнэту процьму такой прадукцыі.
Артыкул 343 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае крымінальную адказнасьць за распаўсюд парнагарафіі, але ён ужываецца толькі згодна з прынцыпам прэюдыцыі — гэта значыць, што да крымінальнай адказнасьці чалавека могуць прыцягнуць толькі пасьля адміністрацыйнага пакараньня ў выпадку паўторнага парушэньня. Так што заканадаўца даволі лібэральна падышоў да гэтага пытаньня. Іначай цягам году да крымінальнай адказнасьці прыцягвалі бы ў чатыры разы болей парушальнікаў. Пра гэта сьведчыць статыстыка — з чатырох пратаколаў толькі адзін празь нейкі час мае крымінальныя наступствы.
Калі чалавек з Інтэрнэту запісаў парнафільм на дыск, а потым паклікаў свайго знаёмага і даў яму праглядзець, то ён лічыцца парушальнікам артыкулу. Але міліцыянты на гэта глядзяць скрозь пальцы. Аддзелы барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў і злачынстваў супраць маральнасьці зьвяртаюць увагу на прадаўцоў відэакасэтаў і DVD-дыскаў. Гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад дваццаці да дваццаці чатырох гадоў. Большасьць зь іх студэнты. У газэтах яны даюць аб’явы, што прадаюць відэа з прыватнай калекцыі. Натуральна, маецца на ўвазе парнаграфія. Бывае, што ствараюць Інтэрнэт-сайты, а потым на іх даюць аб’яву наконт “клубнічкі” за дадатковую плату. Бывае, што студэнт набывае касэту на рынку, а потым пасьля прагляду прадае яе, каб вярнуць грошы. Сьледчы аддзелу Ігар Луневіч казаў, што пасьля адміністрацыйнага пакараньня такія людзі адразу трапляюць на кантроль праваахоўчых органаў:
(Луневіч: ) “Адсочваем сыстэму сувязі. Высьветляем, ад каго і куды пайшла відэакасэта. Як правіла, знаходзім тры-чатыры чалавекі. Спачатку ж адміністрацыйнай адказнасьць. Пасьля гэтага адны, як кажуць, на дно кладуцца, а некаторыя працягваюць займацца… З чатырох пратаколаў да крымінальнай справы даходзіць толькі адзін”.
Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі парушальніка, самі парнаграфіі не праглядаюць. Яны здаюць касэты ў адмысловы экспэртны аддзел гарадзкога ўпраўленьня міліцыі. Там даюць заключэньне наконт адпаведнасьці фільму нормам дзейнага заканадаўства. Экспэрты казалі, што самым вялікім побытам карыстаюцца фільмы пра групавы сэкс з удзелам жанчын і мужчынаў. Фільмы з удзелам дзяцей ці прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў значна менш цікавяць спажыўцоў парнаграфіі.