Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАСТАЦКУЮ ЛІТАРАТУРУ” ЎЗНАЧАЛІЛІ БЫЛЫЯ МІЛІЦЫЯНТ І ПРАКУРОР


Валянціна Аксак, Менск

Астаўны міліцэйскі афіцэр Віктар Праўдзін на пасадзе галоўнага рэдактара адзінага дзяржаўнага выдавецтва, якое выпускае мастацкую літаратуру, зьмяніў паэта Ўладзімера Марука. Прычым, спадар Марук таксама зьмяніў спадара Праўдзіна на ранейшай пасадзе намесьніка галоўнага рэдактара часопісу “Полымя”. У абодвух яшчэ ня скончыліся папярэднія працоўныя кантракты. І абодва нібыта памяняліся месцамі працы згодна з заявамі па ўласным жаданьні. Так патлумачыў нашаму радыё Ўладзімер Марук:

(Марук: ) “Ну вось я на месца Праўдзіна прыйшоў, а ён на маё. З панядзелка абодва, я — сюды, ён — туды”.

(Карэспандэнтка: ) “Такі абмен адбыўся…”

(Марук: ) “Ракіроўка”.

(Карэспандэнтка: ) “Па ўласным жаданьні?”

(Марук: ) “Я па ўласным жаданьні”.

Аднак прычыну такога свайго рашэньня спадар Марук назваць адмовіўся.

Віктар Праўдзін сказаў, што яму прапанавалі заняць пасаду галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры”, і ён з ахвотаю згадзіўся. На пытаньне, зь якімі плянамі ён прыйшоў на гэтую пасаду, спадар Праўдзін адказаў:

(Праўдзін: ) “Выдаваць лепшыя беларускія творы. Усё”.

На маю просьбу ўдакладніць, кнігі якіх аўтараў пабачаць сьвет у найбліжэйшы час, новы галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры” назваў наступных:

(Праўдзін: ) “У пляне ў нас абавязковыя Кандрат Крапіва, Іван Шамякін, і Гарачка, і Кустава, і Хадановіч, і Бадак, і Голуб, і Шніп, і пераклад “Дон Жуана”, і Чыгрынаў, Адамовіч, ну і так далей. Таму што ўсе ў нас тут людзі на слыху, ну і тыя, каторыя маладыя ў літаратуру ідуць, іх таксама падтрымліваем”.

А вось што адказаў спадар Праўдзін на маё пытаньне, які лёс заплянаванага ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” васьмітомнага збору твораў Васіля Быкава, зь якіх ніводзін дасюль ня выдадзены.

(Праўдзін: ) “Наконт Васіля Быкава я нічога не магу сказаць, ці стаіць ён у пляне ці не, я ня ведаю”.

Віктар Праўдзін — аўтар некалькіх міліцэйскіх дэтэктываў. Піша па-беларуску. Летась пасьля ўтварэньня гэтак званага літаратурнага голдынгу і гвалтоўнае зьмены галоўных рэдактараў дзяржаўных літаратурных часопісаў Віктар Праўдзін быў прызначаны намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу “Полымя”. Перад тым ён быў адным з сакратароў Саюзу пісьменьнікаў. У адзін, дарэчы, час зь цяперашнім дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” былым супрацоўнікам пракуратуры Ўладзіславам Мачульскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG