(Зьміцер Падбярэскі: ) “У мастацтве наогул, а ў музыцы — у прыватнасьці — шмат асобаў, якія яшчэ пры жыцьці набываюць пэўны легендарны статус. Беларуская музыка — не выключэньне. Нават калі паспрабаваць прааналізаваць асобныя яе жанры, такіх людзей з розных прычынаў можна назваць даволі шмат. Сёньня, каб не зацягваць прадмовы, мы сустракаемся з адным з такіх артыстаў. Актор, паэт, кампазытар, выканаўца — усё ў адной асобе. Імя якой — Віктар Шалкевіч. Упершыню ў праграме “Па-за тактам”. Вітаю цябе шчыра, Віктар! Як ты сам, дарэчы, ставісься да таго, што я асьмеліўся надаць табе статус легенды?”
(Віктар Шалкевіч: ) “Я стаўлюся да гэтага нармальна, таму што, разумееш, гэта ж людзі ацэньваюць, а ня я сам. Калі б я так казаў, тое было б нясьціпла”.
(Падбярэскі: ) “Уласна кажучы, прадмова мая была прадыктаваная найперш вось чым. Ужо столькі часу ішлі чуткі пра тое, што Шалкевіч мусіў запісаць новы альбом, што прыхільнікі твае, Віктар, здаецца, страцілі ўсе спадзяваньні дачакацца яго. І вось мы сустракаемся з нагоды менавіта новага альбому. Калі можна, раскажы, што гэта за работа”.
(Шалкевіч: ) “Яна называецца так: “Віктар Шалкевіч: За сто крокаў ад Вострай Брамы, альбо геаграфія ВКЛ і ваколіцаў”. Гэта нават не альбом, гэта такое своеасаблівае падарожжа па часе і прасторы. Пачынаецца альбом песьняй, якая так і называецца “За сто крокаў ад Вострай Брамы”, потым мы пачынаем падарожнічаць: пераяжджаем то ў Горадню, то з Горадні ў Нясьвіж, то ў Берасьце на вакзал, адкуль зьяжджае апошні цягнік з габрэямі… То яшчэ куды. ВКЛ-геаграфія — гэта княства. Ну, а ваколіцы — гэта тое, што ўжо далей, нават там ёсьць такая песьня пра Касю на Брукліне. Вось, Бруклін — гэта якраз ваколіцы ВКЛ.
І заканчваецца альбом так: трынаццаты нумар — гэта “Дабранач”, ну а чатырнаццаты — такая рэч, якая зноў жа азначае тое, што якасна аўтар альбому будзе працаваць ужо ў іншым кірунку над другім альбомам, гэта “Зайчык-блюз”, які гучыць у альбоме “Добрай раніцы”.
(Падбярэскі: ) “Цябе многія называюць найперш сярод прадстаўнікоў бардаўскае творчасьці, хоць гэта, на маю думку, ня надта праўдзіва. Новыя песьні таксама пісаліся з бэндам?”
(Шалкевіч: ) “Новыя песьні пісаліся зь вельмі харошымі музыкантамі. Беларусь вялікая, а харошых музыкантаў мала. І мы знайшлі такіх людзей, зь якімі можна працаваць надалей. Гэта раз. Па-другое, яны яшчэ спраўдзіліся ўжо некалькі разоў, калі мы зь імі выступалі разам. Я проста даўно марыў пра тое, каб пад мае песьні танчылі”.
(Падбярэскі: ) “Ну, яшчэ і ў рэстаранах іх замаўлялі. Гэта, прабач, прызнаньне”.
(Шалкевіч: ) “Сур’ёзна? Ну, можа быць. Проста мне захацелася зрабіць пад тры-чатыры акустычныя інструмэнты, і таму наступны альбом будзе зусім другі. А гэты — паўнавартасны, прыгожы альбом, кожны знойдзе ў ім нешта сваё”.
(Падбярэскі: ) “А як бы ты, дарэчы, сам вызначыў тую палічку, на якой можа знаходзіцца твая творчасьць?”
(Шалкевіч: ) “У мяне не было пэрыядаў такіх, як іх называюць, дэбютаў. Таму што калі я ў першы раз выйшаў на сцэну “Басовішча”, я адразу стаў зоркай, адразу было прызнаньне, і ўсё, за што я потым браўся, чамусьці адразу знаходзіла разуменьне ў публікі. Я так асабліва не ганюся за модаю, таму што так неяк сталася, што гэты альбом пачаў пісацца яшчэ ў канцы 20 стагодзьдзя, а выходзіць на пачатку 21-га. Магчыма, на палічку пад назвай “evergreen” — вечназялёныя”.
(Падбярэскі: ) “Вядома, што ты часта даеш канцэрты за мяжой. Моўны бар’ер, безумоўна, існуе. Наколькі ў такіх выпадках дапамагае акторская прафэсія?”
(Шалкевіч: ) “Увогуле, нармальны чалавек, які едзе да нейкіх людзей, у тую самую Францыю (апошні прыклад), каб яго зразумелі, ён нейкім чынам рыхтуе хоць нейкі пераклад. Нармальна, за пяць эўра, зрабілі мне такі файны пераклад песень. Перад тым, як засьпяваць песьню на беларускай мове, я, канечне, чытаў пераклад па-француску. Ва ўсе краіны, асабліва тыя, якія не зьяўляюцца славянскімі, проста стараесься ехаць з такімі нейкімі падрадкоўнікамі”.
(Падбярэскі: ) “Віктар! Табе шмат гадоў даводзілася выбіраць паміж тэатрам і музыкай. Ці можна казаць, што музыкант у табе перамог актора?”
(Шалкевіч: ) “Нельга браць і разразаць гэта на некалькі кавалкаў, казаць, што тут ён такі, а тут — такі. Калі чалавеку даецца нейкі такі дар у комплексе, то ён павінен гэтым неяк карыстацца. Тут вельмі здорава, таму што калі надакучыў тэатар, пачаў займацца гэтым, надакучыла займацца гэтым — пачаў займацца тэатрам. На жаль, ты сам ведаеш, цяпер ня той час, каб сапраўды займацца тэатрам, таму што ў тэатры вельмі цяжка. І нічога новага, на жаль, там няма: і новых асобаў няма, і новых твараў няма. І таму даводзіцца, калі надакучыла так званая калектыўная творчасьць, займацца творчасьцю індывідуальнай”.
(Падбярэскі: ) “Скажы, калі ласка, цябе не запрашалі на “Славянский базар”, “На скрыжаваньні Эўропы”? Як ты ставісься наогул да шоў-бізнэсу?”
(Шалкевіч: ) “Паглядзі на мой легендарны профіль, і ты зразумееш, што з такім профілем на “Славянский базар”. Ну вы што?! Я так на ўсё гэта гляджу, на гэтыя нейкія такія джыгі-джыгі, як іх называюць, і дрыгі-дрыгі… Я ня ведаю. Я гэта ўжо сур’ёзна не ўспрымаю. Калі там заслужаны артыст з суседняй рэспублікі бегае па залі й не трапляе ва ўласную фанаграму... Мне так здаецца, што самы лепшы “Славянский базар” — гэта калі чалавек выходзіць на сцэну і пры дапамозе нейкіх самых простых рэчаў, напрыклад, той самай гітары, даказвае, што ён здольны зрабіць.
Я ўжо гэтую хваробу таксама перажыў: ах, каб на мяне зьбіраліся поўныя залі, а я хадзіў па вуліцах і на мяне ўсе паказвалі пальцам і казалі: “Глядзіце, гэта ён!” Галоўнае, што я вельмі цаню, калі глядач прыходзіць і слухач разумны, гэта настолькі здорава, калі ён разумее кожнае адценьне верша, кожнае імгненьне, кожны подых таго, што ты робіш. І гэта для мяне самае лепшае, і я, напрыклад, заўсёды да гэтага імкнуся”.
(Падбярэскі: ) “У цябе шмат твораў, якія раней, за савецкім часам, было прынята называць творамі грамадзянска-патрыятычнага гучаньня. А ці была ў цябе думка паўдзельнічаць у напісаньні дзяржаўнага гімну?”
(Шалкевіч: ) “Кірыл Насаеў калісьці казаў, што я мог бы яго напісаць. Я не ведаю. Настолькі няясны кшталт дзяржавы, і пісаць на голым месцы нешта такое я бы ўвогуле не асьмеліўся б. А пры ўсім пры тым, што ёсьць многа рэчаў, напісаных раней да мяне і вартых таго, каб стацца гімнам Рэспублікі Беларусь, што… Тут трэба проста ведаць, хто ты ёсьць і на што ты здольны”.
(Падбярэскі: ) “Сёньня для многіх маладых выканаўцаў ты аўтарытэт. А хто ж, цікава, зьяўляецца аўтарытэтам для цябе асабіста?”
(Шалкевіч: ) “Старая “Крама”. Тая старая “Крама”, якая была. У юнацтве я захапляўся страшэнна самай першай плытай “Песьняроў”, дзе “Белая Русь ты мая”. Гэта ўсё, на жаль. А з суседніх культураў я назаву некалькі імёнаў: Аляксандра Вярцінскага, вялікага рускага барда, Пятра Канстанцінавіча Лешчанку, вялікага барда, усю Польшчу 1930-х гадоў, кабарэтавых актораў я маю на ўвазе — Адама Астана, Тадэвуша Фалішэўскага. Ну і, ясна, Боб Дылан і Ян Андэрсан. А самы для мяне, канечне, піск — гэта Гэры Брукер і група “Procol Harum”.
(Падбярэскі: ) “Аднакурсьнік Шалкевіча, актор Віктар Манаеў, калі я папрасіў яго выказацца адносна асобы Шалкевіча, эмоцыяў ня стрымліваў”.
(Віктар Манаеў: ) “Перадавік праізводзтва! У песьнях, у вершах, у кіно. У Горадні я ведаю яго як лялечнага артыста, бачыў ягонага Мікіту ў “Тутэйшых”, бачыў ягоныя ролі ў дзіцячых, лялечных менавіта спэктаклях, калі ён спалучае ня толькі жывы плян, як у нас кажуць, а яшчэ і лялькай кіруе з-за шырмы. Гэта сам Шалкевіч можа скрыць сябе за шырмай! Ён і на гітары іграе, а я наогул ня ўмею іграць, так што ён для мяне… ну, як Моцарт! І ня так шмат у нас беларускамоўных бардаў, напэўна, я так лічу. Такога кшталту адзіны ў нас такі. Тым больш я ведаю яго як артыста, гэта ж ня проста бард, гэта ж і артыст, і ня проста артыст, а яшчэ і бард, яшчэ і беларускі бард. Спалучэньне вельмі цікавае”.
(Падбярэскі: ) “5 сьнежня новы альбом твой, Віктар, будзе прэзэнтаваны на канцэрце ў Менску. Адной легендай, зьвязанай з Шалкевічам, зробіцца менш. Чаго ты чакаеш ад гэтага канцэрту?”
(Шалкевіч: ) “Я бы так не сказаў, што гэта будзе прэзэнтацыя новага альбому. Гэты канцэрт 5-га будзе канцэртам, дзе мяне ўсе пачуюць і ўбачаць з зусім другога боку. Я буду, напрыклад, сьпяваць песьні зусім новыя, якіх увогуле ніхто яшчэ ня чуў, песьні, каторыя нібыта мае, але не зьяўляюцца вельмі папулярнымі, таму што там ясна, напрыклад, што “Цынічнае танга кастрацыі” ці “Патрыятычнае танга цноты” — гэта ня шлягеры. А там песьня пра нашага беднага вясковага Бога, якой амаль што ніхто ня чуў. І гімну аб’яднанай Эўропы “Парыскае танга” ніхто ня чуў. Я нават нешта там паспрабую пачытаць. І таму абяцаю, што канцэрт будзе дастаткова цікавы”.
(Падбярэскі: ) “Тады да сустрэчы, вялікі дзякуй, што ты да нас завітаў. Устудыі Свабоды быў Віктар Шалкевіч напярэдадні свайго рэдкага, на вялікі жаль, зьяўленьня ў Менску з чарговым канцэртам з новымі песьнямі”.