Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА ПАСЬПЯХОВА ДЭБЮТАВАЛА Ў ДЗІЦЯЧЫМ КОНКУРСЕ “ЭЎРАБАЧАНЬНЯ”


Ігар Карней, Менск

Сёньня ўвечары дзяўчынка вяртаецца з Капэнгагену ў Менск.

Усяго ў конкурсе, які ўпершыню Эўрабачаньне ладзіла для юных сьпевакоў, бралі ўдзел выканаўцы з 16 эўрапейскіх краінаў. І чацьвертае месца сьпявачкі з Кобрыну — вынік вельмі высокі. Свой посьпех Вольга падзяліла з 15-гадовай Кацярынай Ліпоўскай — аўтаркай песьні “Танцуй”. Генэральны прадусар Першага нацыянальнага каналу Ўладзімер Максімкоў, асноўны ініцыятар беларускага ўдзелу ў “Эўрабачаньні”, не хавае свайго задавальненьня вынікам выступу Вольгі Сацюк:

(Максімкоў: ) “Насамрэч мы былі гатовыя да куды ніжэйшага месца. Не сакрэт, што не заўсёды на конкурсе “Эўрабачаньне” аб’ектыўныя ацэнкі прысутнічаюць, бо “Эўрабачаньне” — прадукт Эўрапейскага вяшчальнага саюзу, які, у сваю чаргу, частка Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці і г.д. Прынамсі, у дарослым “Эўрабачаньні” гэта вельмі часта назіраецца. Таму псыхалягічна мы былі гатовыя, што не зоймем вельмі высокага месца, але тым больш прыемна, што атрымалася інакш. На мой погляд, дастаткова аб’ектыўна разьмеркаваліся выканаўцы”.

(Карэспандэнт: ) “Трэба спадзявацца, што гэта будзе станоўчы прыклад для дарослых беларускіх выканаўцаў, якія плянуюць нарэшце дэбютаваць на конкурсе “Эўрабачаньня”.

(Максімкоў: ) “Для дарослых мы будзем лічыць посьпехам, калі наогул патрапім у фінальную частку, бо дарослыя конкурсы адбываюцца ў два этапы. Але, натуральна, вынік дзіцячага “Эўрабачаньня” натхняе: відавочна, што можна (і трэба) ставіць больш высокія задачы і мэты. Але, вяртаючыся да Вольгі Сацюк, магу сказаць, што ўражаньні проста фантастычныя. Мы ўсе былі ў студыі, і такога адзінага памкненьня я даўно не адчуваў: кранальна было неверагодна, ледзьве не са сьлязьмі на вачох. Гэтага адчуваньня няма з чым нават параўнаць — можа хіба з тым, калі зборная Беларусі ў хакеі выйграла ў швэдаў. Асабліва прыемна, што гэта менавіта дзіцячы конкурс. Калі ў дарослых усё ж адчуваецца налёт палітыкі, то дзіцячы конкурс — гэта вельмі чыста і прыгожа”.

Вольга Сацюк ад самага раньняга дзяцінства займаецца сьпевамі: у пяць гадоў бацькі прывялі яе ў Дом творчасьці Кобрыні, і ўжо праз год яна атрымала прыз глядацкіх сымпатыяў рэспубліканскага тэлеконкурсу “Мы родам зь дзяцінства”. Але лёсавызначальным стаў сёлетні адборачны выступ у нацыянальным тэлеконкурсе юных талентаў “Сузор’е надзеяў”, дзякуючы перамозе ў якім стаў магчымым ейны ўдзел ў конкурсе Эўрабачаньня.

Сёньня ўвечары Вольга Сацюк вяртаецца з Даніі. І ўжо відавочна, што посьпех у Капэнгагене шмат у чым паўплывае на ейны лёс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG