Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВОЙ “ЗАРОБАК” У БЕЛАРУСІ ЎКРАІНЦЫ ЗГУБІЛІ НА МЯЖЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

У Лельчыцкім раёне памежнікі затрымалі адразу чатыры ўкраінскія фурманкі зь беларускім жытам, які ўкраінцы атрымалі ў якасьці заробку.

Чацвера жыхароў з украінскай вёскі Пазнань, Ровенскай вобласьці, будавалі сенасховішча, рамантавалі кароўнікі ў сельгаспрадпрыемстве “Прыбалавічы” Лельчыцкага раёну. Узначальваў гэтую будаўнічую брыгаду 50-гадовы Мікалай Кавальчук. Ён ўжо ня першы сэзон працуе ў лельчыцкіх гаспадарках.

Паводле дамовы, за працу спадару Кавальчуку і тром ягоным маладзейшым памочнікам бухгалтэрыя сельгаспрадпрыемства “Прыбалавічы” афіцыйна выпісала па 2 тоны збожжа – жыта і аўсу.

Звыш 4 тон заробленага жыта ўкраінцы вырашылі забраць адразу. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла нават аўтамашыну. Мяхі са збожжам прывезьлі ў вёску Дзяржынск, дзе ёсьць пункт спрошчанага пропуску.

У Дзяржынску ўкраінцы перагрузілі жыта на чатыры фурманкі і павезьлі празь мяжу. Наяўны пункт спрошчанага пераходу не працуе з прычыны адсутнасці такога ж пункту на ўкраінскім баку, таму жыта павезьлі абходным шляхам.

Беларускія памежнікі затрымалі ўкраінцаў, сканфіскавалі жыта, фурманкі і каней. Праўда, коні былі пад наглядам толькі да вечару. Уначы яны нечакана зьніклі. А вось жыта і фурманкі дагэтуль знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.

У Прыбалавічах цяпер гадаюць, як дапамагчы ўкраінцам вярнуць сумленна заробленае жыта. Справа ў тым, што шэраг лельчыцкіх калгасаў ужо ня можа нармалёва жыць без пабочнай рабочай сілы. Мясцовы люд неахвотна ідзе працаваць на калгасныя палеткі і фэрмы. Людзі дбаюць больш пра сваю прыватную гаспадарку альбо зьбіраюць грыбы і ягады, прадаюць іх нарыхтоўшчыкам, зарабляючы да дзьвюх і болей тысячаў даляраў за сэзон.

Распавядае бухгальтарка сельгаспрадпрыемства “Прыбалавічы” Раіса Андрыкава.

(Андрыкава: ) “Са сваімі людзьмі праблема. Яны не пагаджаюцца працаваць. А калі пагодзяцца, то высоўваюць розныя ўмовы. А ўкраінцы на вялікі заробак не прэтэндавалі, на ўмовы працы таксама не скардзіліся”.

Відавочна, што памежным беларускім сельгаспрадпрыемствам запрашаць украінцаў на працу выгадна. Шукаюць такую працу на беларускай тэрыторыі і самі ўкраінцы. Вось што распавяла нашаму радыё жыхарка Чарнігаўскай вобласці, якая назвалася Марыяй.

(Марыя: ) “У нас прадукты падаражэлі. Людзям няма работы, моладзь беспрацоўная. Накарміць дзяцей праблема. Адукацыя платная. Немагчыма жыць. Абстаноўка дужа цяжкая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG