Крычаўскі гарвыканкам не дазволіў заснавальнікам газэты “Наша думка”
распаўсюджваць гэтае выданьне на тэрыторыі гораду…
На працягу 18-ці месяцаў “Наша думка” выходзіла накладам 299 асобнікаў.
Вывучыўшы чытацкі попыт, заснавальнікі газэты – мясцовае аб’яднаньне “Кантакт-цэнтар”
– вырашылі зарэгістраваць выданьне.
На сёньняшні дзень усе неабходныя дакумэнты ў Дзяржкамдрук падрыхтаваныя.
За выключэньнем дазволу крычаўскага райвыканкаму.
Паводле заканадаўства, улады павінны адказваць на звароты жыхароў цягам
месяца. Прайшло некалькі месяцаў, а рэакцыі так і не паступіла.
Новы кіраўнік раённай вэртыкалі Іван Пракопаў на сустрэчы з рэдактарам
выданьня Леанідам Сьвецікам заявіў: усё будзем рабіць у адпаведнасьці з
законам.
Заснавальнікаў газэты папярэдзілі, што іх пытаньне будзе разглядацца
на бліжэйшым пасяджэньні райвыканкаму. Аднак, прайшло некалькі пасяджэньняў,
а пытаньне так і не паставілі ў парадак дня.
Як вядома, у такой жа сытуацыі апынулася пінская газэта “Правінцыя”,
але ж пінская вэртыкаль пісьмова адмовілася даць дазвол на распаўсюджваньне
ў горадзе гэтага выданьня.
Крычаўскі райвыканкам дагэтуль трымае заснавальнікаў газэты “Нашая думка”
ў няведаньні. Калі яны накіравалі скаргу ў магілеўскі аблвыканкам, адказу
не атрымалі. Рэдактар газэты Леанід Сьвецік заявіў, што пасьля яшчэ аднаго
месяца маўчаньня вэртыкалі яны альбо арганізуюць пікет, альбо накіруюць
у суд пазоў супраць выканаўчай улады.
Паводле інфармацыі рэдактара, зьвярнуцца ў суд яму параілі менавіта
супрацоўнікі Дзяржкамдруку. Калі ж і гэтыя меры не дапамогуць, заснавальнікі
“Нашай думкі” будуць шукаць дапамогу ў міжнародных праваабарончых арганізацыях.
Аляксандар Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць
Самае папулярнае
1