Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечарына памяці расстраляных у Менску


30 кастрычніка ў Менску з ініцыятывы «Саюза беларускіх пісьменьнікаў» адбылася вечарына памяці расстраляных у адну ноч сотні прадстаўнікоў інтэлігенцыі. <object> <embed src='http://d5bj5aryd6518.cloudfront.net/flash_6.8.0.26453.3/photogalleryComponent.swfx?cache=' type='application/x-shockwave-flash' wmode='transparent' width='640' height='458' allowfullscreen='true' flashvars='configFilePath=http://d5bj5aryd6518.cloudfront.net/GetFlashXml.aspx?param=24756122|user|photogalleryEmbeded&skin=embeded' allowScriptAccess='always'/> </object>

У залі мастацкай галерэі «Ў» сабраліся тыя, у чые сем’і калісьці сярод ночы пагрукалася НКВД, а таксама тыя, хто шмат год дасьледуе малавядомую гісторыю савецкіх палітычных рэпрэсій.

У вучонага-геоляга Радзіма Гарэцкага ў 30-х гадах арыштавалі бацьку — акадэміка Гаўрыла Гарэцкага, і дзядзьку — клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

«У 1930-м годзе бацьку прысудзілі да расстрэлу. Тады сам Сталін падпісваў расстрэльныя лісты. Галадзед і Чарвякоў паехалі з тым сьпісам у Маскву. Сталін спытаўся пра бацьку: „А гэта хто? Колькі яму гадоў?“ — „Малады яшчэ, 30 год няма“. І пачалі яго хваліць. Сталін — так сьледчы Сікорскі расказваў, можа, міт, можа, праўда, — выкрасьліў яго: „Няхай яшчэ нэмножка пажыве“. Яму далі 10 год лягеру замест расстрэлу».

Радзім Гарэцкі ўзгадаў пра тое, як ягонага бацьку адправілі на Беламорска-Балтыйскі канал. Туды неўзабаве пераехаў і ён з маці і братам. Так званы «СЛОН» — Салавецкі лягер асаблівага прызначэньня — стаў домам для іх сям’і:

«Там мы жылі ў асноўным не з палітычнымі, а з уркамі. Маці дзень і ноч працавала, а мы з братам бадзяліся. Я навучыўся і паліць папяросы, і гарэлку піць, і лаяцца, — распавёў Радзім Гаўрылавіч. — Я памятаю: ідзе бацька — няголены, худы, згорблены, страшны — не пазнаць яго. На ногі немагчыма было надзець абутак — яны так папухлі. У яго былі проста нейкія тапкі, абвязаныя вяроўкай. Яму на нас сорамна было глядзець, і мы на яго з жудасьцю пазіралі. Гэты ўспамін да сёньня паліць мне сэрца».

Радзім Гарэцкі дадаў, што толькі пасьля сьмерці Сталіна ён адчуў паслабленьне ў стаўленьні да сябе як да «сына ворага народа».

Дасьледчык Леанід Маракоў больш за 10 год займаецца пошукам імён закатаваных у савецкіх турмах і забітых у лясах. Ягоны дзядзька — пісьменьнік Валеры Маракоў — быў сярод тых, каго забілі ў турме НКВД у крывавую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Леанід Маракоў адзначае, што беларускія крыніцы па-ранейшаму самыя закрытыя для гісторыкаў.

«Ёсьць архівы ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Там шмат зьвестак пра Беларусь. Калі тут зачынена, то там адкрыта, — расказаў „Свабодзе“ Маракоў. — Мы павінны ведаць праўду. Рана ці позна. Ад 1937 году ўжо прайшло 75 год. Большых тэрмінаў захаваньня справаў „Совершенно секретно“ ў ніводнай краіне няма. Нават паводле беларускага заканадаўства ў наступным годзе павінны адкрыць архівы 1937 году».

У Расеі Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій афіцыйна адзначаецца ад 1991 году. Ягоная дата прымеркаваная да галадоўкі 1974 году. У знак пратэсту яе правялі вязьні мардоўскіх і пермскіх лягераў.

У 2007 годзе аргкамітэт па ўвекавечваньні памяці ахвяраў рэпрэсій пэрыяду сталінізму прапанаваў афіцыйна зрабіць такі дзень у Беларусі. Зварот у Савет міністраў падпісалі акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменьнік Васіль Якавенка, гісторыкі Ігар Кузьняцоў і Леанід Маракоў, кінарэжысэр Уладзімер Колас, публіцыст Якаў Басін, былыя рэпрэсаваныя Зінаіда Тарасевіч і Ўладзімер Раманоўскі. На зварот грамадзкасьці адказаў тагачасны старшыня КДБ Сьцяпан Сухаранка. У лісьце за ягоным подпісам значылася, што ў Беларусі ўжо існуюць дзьве даты для памінаньня памерлых — Дзяды і Радуніца. Уводзіць у каляндар дату для ўшанаваньня памяці нявінна рэпрэсаваных афіцыйныя ведамствы палічылі непатрэбным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG