Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Змаганьне за надзел зямлі


Ірына Сьмірнова
Ірына Сьмірнова

Жыхарка Берасьця Ірына Сьмірнова ўжо больш чым палову дзесяцігодзьдзя дабіваецца атрыманьня надзелу пад уласным домам у пажыцьцёвае ўладаньне, аднак чыноўнікі прапаноўваюць ёй заключыць дамову аб арэндзе на 50 гадоў. Юрыст Уладзімер Малей лічыць, што арандаваную зямлю могуць у любы час адабраць.

У Берасьцейскім абласным судзе прызналі законным рашэньне гарвыканкаму аб перадачы ў арэнду надзелу пад домам Ірыны Сьмірновай. Спадарыня ж Сьмірнова хоча дабіцца пажыцьцёвага валоданьня надзелам. Умовы арэнды яе не задавальняюць — яна лічыць, што так яе могуць увогуле пазбавіць зямлі:

«Выканаўчыя ўлады ня могуць рабіць зьдзелкі зь зямлёй пад уласнымі дамамі грамадзянаў. Я лічу, што такім чынам улады разьлічваюць мяне выжыць з упадабанага зямельнага надзелу амаль у цэнтры гораду. Дамова арэнды не падпісаная ўсімі бакамі, таму лічыць яе заключанай — абсурд...»

Ірына Сьмірнова доўгі час адмаўлялася заключаць дамову аб арэндзе зямлі, таму гарвыканкам урэшце паспрабаваў змусіць яе да падпісаньня праз суд. Адзінокая жанчына ўжо прайшла шэраг судоў, зьвярталася ў самыя розныя інстанцыі, аднак усе яны прызнаюць, што гарвыканкам слушна прапаноўвае ёй арэнду замест пажыцьцёвага валоданьня.

Тым ня меней спадарыня кажа, што не зьбіраецца складаць рукі і гатовая дайсьці нават да міжнародных інстанцыяў:

«Я буду зьвяртацца ў Вярхоўны суд. І далей буду зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека».

Юрыст Уладзімер Малей распавёў, што сытуацыя тут упіраецца ў тое, што разам з Ірынай Сьмірновай уласьніцай зьяўляецца і яе сястра — грамадзянка Літвы. Таму гарвыканкам і настойвае, што зямля сёстрам можа быць перададзеная толькі ў арэнду на 50 гадоў:

«Нашым законам прадугледжана замежным грамадзянам рэгістраваць зямлю толькі ў арэнду. Арэнда — гэта калі ўласьнік зямлі дзяржава, якая ў любы момант можа з надуманых прычын заявіць, што мы з вамі разрываем дамову і прыбірайце сваю халупу з гэтай зямлі... Таму Ірына Сьмірнова гэтым і ўсхваляваная. Нонсэнс атрымліваецца — домаўладаньне ў яе ва ўласнасьці знаходзіцца, а зямля — у арэндзе».

Спадар Малей кажа, што можна прасачыць тэндэнцыю, што мясцовыя ўлады часта прапаноўваюць зямлю менавіта ў арэнду:

«Вядома мне ў Берасьці, што гарвыканкам людзям прапаноўвае дамову арэнды. А тыя, хто не разумее, згаджаюцца і падпісваюць гэтую дамову...»

Юрыст кажа, што ў пэрспэктыве такая схема можа спарадзіць новыя зямельныя спрэчкі паміж дзяржавай і ўласьнікамі нерухомасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG