Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск зноў будзе прасіць грошай у МВФ


Беларускі ўрад разьлічвае на аднаўленьне праграмы супрацоўніцтва зь Міжнародным валютным фондам дзеля атрыманьня новых крэдытных рэсурсаў.

Летась МВФ адмовіў Менску ў крэдытаваньні на той падставе, што, давёўшы сытуацыю ў эканоміцы да дэвальвацыі і гіпэрінфляцыі, кіраўніцтва так і не пачало структурныя рэформы, рэкамэндаваныя фондам.

18–21 красавіка беларуская ўрадавая дэлегацыя ў складзе старшыні Нацыянальнага банку Надзеі Ермаковай, міністра эканомікі Мікалая Снапкова і міністра фінансаў Андрэя Харкаўца брала ўдзел у штогадовым паседжаньні Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. Па выніках паездкі ў Вашынгтон спадарыня Ермакова заявіла, што на тле станоўчых зрухаў у эканоміцы Беларусі ёсьць падставы для аднаўленьня перамоваў з МВФ аб вяртаньні да сумеснай праграмы:

Надзея Ермакова
Надзея Ермакова
«Самае важнае, што экспэрты МВФ ацэньваюць сытуацыю, якая існуе сёньня ў нас у Беларусі, як станоўчую. Тыя вынікі, якія дасягнутыя ў Беларусі — і ў эканоміцы, і ў грашова-крэдытнай палітыцы, і ў стабілізацыі нацыянальнай валюты — яны ацэньваюць як вынік таго, што мы зрабілі правільныя захады, у тым ліку і ўлічылі іх рэкамэндацыі. Паводле нашых ацэнак, мы лічым, што ў нас ужо ёсьць магчымасьць весьці наўпроставую размову зь Міжнародным валютным фондам наконт вяртаньня да крэдытнай праграмы зь Беларусьсю».

На мінулым тыдні міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s палепшыла прагноз па доўгатэрміновым рэйтынгу Беларусі з «нэгатыўнага» да «стабільнага». У гэтым зьвязку ўрад разьлічвае, што да канца году і іншыя сувэрэнныя рэйтынгі Беларусі будуць перагледжаныя ў бок паляпшэньня.

Між тым незалежныя экспэрты падобнага аптымізму чыноўнікаў не падзяляюць. Хоць улады і робяць пэўныя крокі па стабілізацыі эканомікі, аднак высокі ўзровень інфляцыі, адсутнасьць прыватызацыйных працэсаў і неабходнасьць разьлічвацца па ранейшых пазыках робяць эканамічныя пэрспэктывы дзяржавы досыць неакрэсьленымі. Гаворыць кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін:

Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін
«Ня думаю, што спрыяльная сытуацыя вось так адным махам насьпела, бо відавочна, што мы ня цалкам, на 180 градусаў, разьвярнуліся ад нашай звыклай эканамічнай мадэлі. Так, кіраўніцтва нашай краіны дэкляруе, што мы хочам структурных рэформаў, што мы паціху іх робім — павольна, але ўсё ж нешта робіцца. І калі зыходзіць з гэтага, тое, што вышэйшае кіраўніцтва, урад разумеюць, што без рэформаў, без дыялёгу з замежнымі інвэстарамі і міжнароднымі фондамі далей разьвіваць эканоміку немагчыма, то гэта ўжо вялікі крок, гэта сапраўды вялікае дасягненьне. Міжнародны валютны фонд — гэта тая структура, зь якой ёсьць магчымасьць, няма магчымасьці, але перамовы весьці трэба. Бо гэта добра і для іміджу краіны, і для працягу эканамічных рэформаў увогуле».

На пачатку 2009 году МВФ распачаў стабілізацыйную праграму крэдытаваньня Беларусі ў памеры 2,5 мільярда даляраў. Затым, на тле прыкметаў лібэралізацыі і пацяпленьня адносінаў з Захадам, фінансаваньне было павялічанае яшчэ на 1 мільярд даляраў. Такім чынам, да канца 2010 году Беларусь пяцьцю траншамі атрымала агулам 3,5 мільярда даляраў. Аднак нямэтавае выкарыстаньне сродкаў, якое суправаджалася вялізнымі ўкладаньнямі ў дзяржаўныя праграмы і ростам заробкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, скончылася тым, што грошы фактычна праелі, а на структурныя рэформы нічога не засталося.

Каб пачаць вяртаць сам крэдыт і працэнты, патрабуюцца новыя пазыкі. Першае пагашэньне асноўнага доўгу па эмвээфаўскім крэдыце stand-by адбылося 13 красавіка — Міністэрства фінансаў Беларусі перавяло на рахунак МВФ амаль 100 мільёнаў даляраў. На падыходзе — аплата па крэдытах Расеі, Вэнэсуэлы, Кітаю, Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Нават значныя золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку, як лічаць экспэрты, не даюць падставы казаць, што абыдзецца без нечаканасьцяў. Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін кажа, што фінансавая стабільнасьць Беларусі наўпрост залежыць ад палітычнага складніку:

«Стабільнасьць беларускага рубля больш залежыць не ад старшыні Нацыянальнага банку, а ад кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Як толькі спадарыня Ярмошына паведаміць дакладную дату правядзеньня парлямэнцкіх выбараў, то, зыходзячы з гэтай даты, можна і будаваць доўгатэрміновыя прагнозы па курсаўтварэньні. Гэта даказана ўсёй нашай ужо 20-гадовай сувэрэннай гісторыяй».

На пачатку красавіка зь Менску ад’ехала сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна. На разьвітаньне яна сказала: дзеля таго каб разьлічваць на новую крэдытную праграму МВФ, беларускім уладам неабходна тэрмінова распачынаць структурныя рэформы. Найперш гэта тычыцца празрыстай прыватызацыі, лібэралізацыі цэнаўтварэньня, адмовы ад спусканьня мэтавых паказьнікаў прадпрыемствам і выдачы крэдытаў пад дзяржпраграмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG