Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Фэстываль польскага кіно без размаху


У Магілёве праходзіць 15-ты фэстываль польскага кіно. На працягу чатырох фэстывальных дзён гледачы пабачаць чатыры фільмы польскіх рэжысэраў.

Стужкі паказваюць у невялікай залі мясцовага Дома польскага, які і ладзіць фэстываль. Паводле арганізатараў, знакавых асобаў польскага кінэматографу на юбілейным фэстывалі ня будзе.

«Думкі ў нас былі запрасіць, але мы не дайшлі да такой сытуацыі. Для таго каб запрасіць чалавека, трэба гэтае пытаньне прапрацаваць загадзя. Гутаркі такія былі, і перамовы такія мы вялі. Мы знаёмыя і з Вайдам. Перапісваліся зь ім. Занусі ў нас ужо быў — гады два таму. Яго фільмы мы паказвалі. Мы стараемся паказваць фільмы сучасныя», — патлумачыў супрацоўнік Дома польскага Юры Журавовіч.

Паводле суразмоўцы, сёлетні фэстываль ня надта адрозьніваецца ад папярэдніх: «Мы спрабавалі зрабіць сёлетні фэстываль, як вы кажаце, адметным. Хоць вялі перамовы ў Варшаве, але там людзі занятыя й падбор фільмаў павінен быць адпаведны. Наша задача перадусім — прыцягнуць людзей цікавымі фільмамі. На сёлетнім фэстывалі такія і паказваем».

У праграме фэстывалю — дзьве мэлядрамы рэжысэра Рышарда Заторскага — «Ніколі ў жыцьці» ды «Чаму б не», камэдыя «Грошы — гэта яшчэ ня ўсё» Юліюша Махульскага, а таксама драма Вальдэмара Кшэстака «Малая Масква». Усе стужкі на польскай мове. Іх сынхронна перакладаюць на расейскую. Чаму не на беларускую? Арганізатары тлумачаць, што бракуе перакладчыкаў з польскай на беларускую.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG