Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу выклікалі ў пракуратуру, каб распытаць пра суд


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны
13 верасьня гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны даў тлумачэньні старшаму сьледчаму пракуратуры Цэнтральнага раёну Гомелю Сяргею Кузьмянкову з прычыны звароту ў Генэральную пракуратуру.

Праваабаронца патрабаваў распачаць крымінальную справу супраць судзьдзі Цэнтральнага раёну Алены Цалковай, якая 4 ліпеня на падставе «пустога» міліцэйскага пратаколу пакарала Паплаўнага 15 суткамі арышту нібыта за лаянку. Насамрэч, пасьля акцыі маўклівага пратэсту Анатоль фатаграфаваў беспадстаўныя затрыманьні міліцыяй удзельнікаў акцыі пратэсту.

Як паведаміў спадар Паплаўны, ягоная заява ў Генэральную пракуратуру была пераслана ў абласную пракуратуру, а адтуль — у раённую. Гутарка са сьледчым вялася амаль дзьве гадзіны. Той цікавіўся абставінамі затрыманьня, хадою судовага разьбіральніцтва.

У заяве Генэральнаму пракурору Анатоль Паплаўны пісаў, што судзьдзя Цалкова не зрабіла прававой ацэнкі пратаколу, які складзены адносна яго ў міліцыі з грубымі парушэньнямі. У прыватнасьці, у ім не было зьвестак пра грамадзянства, адукацыю, месца працы Паплаўнага, адсутнічалі прозьвішчы сьведак. Не дададзены да пратаколу іншыя неабходныя матэрыялы. Арыгінал пратаколу і копія яго, выдадзеная на рукі Анатолю Паплаўнаму, істотна адрозьніваюцца адзін ад другога. Тым ня менш, на падставе гэткага пратаколу судзьдзя вынесла праваабаронцу максымальна жорсткае пакараньне. Пастанова яе ў касацыйным парадку была адменена абласным судом.

Праваабаронца лічыць, што судзьдзя Цалкова вынесла заведама неправасудную пастанову на адміністрацыйны арышт, і гэта цалкам падпадае пад прыкметы часткі 1 артыкулу 392 Крымінальнага кодэксу. Спадар Паплаўны пацьвердзіў сваё меркаваньне ў пракуратуры.

Рэакцыі з боку міліцыі на неахайна складзены пратакол у дачыненьні Паплаўнага пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG