Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктоўку па беларускай мове пісалі ў пасольстве Вугоршчыны


Галіна Сіўчык уручае кнігу ў падарунак паслу Вугоршчыны Фэрэнцу Контру.
Галіна Сіўчык уручае кнігу ў падарунак паслу Вугоршчыны Фэрэнцу Контру.
24 чэрвеня ў пасольстве Вугоршчыны адбыўся ўрачысты прыём з нагоды завяршэньня старшынства краіны ў Эўразьвязе. У межах гэтай падзеі прайшоў другі этап дыктоўкі па беларускай мове на знак салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі і ўзнагароджаньне ўдзельнікаў першага этапу, перадае БелаПАН.

У гэты раз эстафэтную дыктоўку па "Лістах з-пад шыбеніцы" нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага пісалі тыя, хто не прысутнічаў 16 траўня ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча менскага касьцёла Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл). Гэта пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас, новы пасол Польшчы Лешак Шарэпка, в. а. часовага паверанага ў справах ЗША Крыстафэр Паніка, часовы павераны ў справах Румыніі Канстанцін Ерамія, дарадчык-пасланьнік пасольства ФРГ Петэр Дэтмар, намесьнік галоўнага рэдактара газэты "Народная воля" Сьвятлана Калінкіна, лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, шэф-рэдактар газэты "Наша ніва" Андрэй Дынько, маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага Вольга.

Прысутныя на сустрэчы родныя асуджаных і палітэмігрантаў Галіна Сіўчык, Тацьцяна Севярынец, Людміла Мірзаянава, Ала Саньнікава, Клаўдзія Буланава, Надзея Макарэвіч, Софія Курач-Афнагель і Юзэфа Чантарыцкая-Адамовіч выканалі песьню пад акампанэмэнт Юліі Фраловай "Малітва за Беларусь".

У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль, паслы Францыі, Чэхіі і Эстоніі Мішэль Рэнэры, Іржы Карас і Яак Ленсмэнт, а таксама былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін.

Правядзеньне агульнанацыянальнай дыктоўкі было ініцыяванае кандыдатам філязофскіх навук Уладзімерам Падголам і інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG