Як паведамляе БелТА, перамовы адбыліся ў Менгарвыканкаме з удзелам выканальніка абавязкаў старшыні гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі.
"Па дамоўленасьці на ўзроўні кіраўнікоў дзьвюх краін сёньня разглядаецца пытаньне рэалізацыі больш як 15 млрд. даляраў крэдыту, які прадставіць Кітай, у тым ліку 1 млрд. даляраў – на льготных умовах", – сказаў Зянон Ломаць, удакладніўшы, што рашэньне аб пераліку інвэстыцыйных праектаў пад гэтыя крэдыты плянуецца прыняць у бліжэйшы час.
У той жа час, паводле яго слоў, на разглядзе ва ўрадзе Беларусі знаходзіцца больш як 100 інвэстпраектаў. І ў кітайскіх бізнэсмэнаў ёсьць магчымасьць паўдзельнічаць у іх. Пры гэтым Зянон Ломаць заклікаў кітайскіх бізнэсмэнаў укладаць сродкі ня толькі ў разьвіцьцё беларускай сталіцы, але і рэгіёнаў. "Лічу, абмяжоўвацца Менскам ня трэба. Неабходна забясьпечваць рэалізацыю выдзеленых крэдытаў і ў рэгіёнах нашай рэспублікі", – сказаў кіраўнік кантрольнага ведамства.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі добрыя пэрспэктывы прасоўваньня кітайскіх тавараў у Эўропу, у тым ліку праз будаўніцтва лягістычных цэнтраў. "У нас ёсьць пасадачныя палосы для самалётаў, якія могуць прымаць грузавыя самалёты з Кітаю для паставак і рэалізацыі іх у Эўропе", – сказаў Зянон Ломаць.
Гаворачы аб ужо канкрэтных сумесных праектах Менску і Пэкіну, ён адзначыў, што забудова кітайскімі кампаніямі менскага мікрараёна Лебядзіны і будаўніцтва ў сталіцы гасьцініцы "Пэкін" пакладуць пачатак доўгатэрміновым і ўзаемавыгадным кантактам. "У 2014 годзе, калі ў Менску пройдзе чэмпіянат сьвету па хакею, мы будзем вазіць турыстаў на экскурсіі ў Лебядзіны, а ў гасьцініцы "Пэкін" заселім лепшыя хакейныя каманды", – сказаў старшыня КДК. Ён таксама выказаў надзею, што ў 2011 годзе адкрыецца прамы авіярэйс Пэкін – Менск.
У Менску з 17 па 20 чэрвеня з афіцыйным візытам знаходзіцца мэр Пэкіна (КНР) Го Цзіньлун. У складзе дэлегацыі – прадстаўнікі муніцыпальнага ўрада, кіраўнікі будаўнічых кампаній.
Сёньня ў менскім мікрараёне Лебядзіны адбудзецца цырымонія закладкі памятнага каменя на месцы будаўніцтва жылога раёна Лебядзіны з удзелам выконваючага абавязкі старшыні гарвыканкама Мікалая Ладуцькі і мэра Го Цзіньлуна.