Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "Матылькі" да фіналу "Эўрабачаньня" даляцелі. Што далей?


Беларускі гурт "3+2" з кампазыцыяй "Butterflies" ("Матылькі") выйшаў у фінал міжнароднага конкурсу песьні "Эўрабачаньне-2010". У першым паўфінале спаборнічалі выканаўцы з 17 краінаў. За кошт чаго малавядомаму і амаль не раскручанаму беларускаму гурту ўдалося зрабіць такі прарыў і якія ён мае шанцы ў фінале

Для Беларусі гэта другі фінал за 7 гадоў удзелу ў "Эўрабачаньні". Першым Беларусь у заключную частку конкурсу вывеў у 2007 годзе ў Хэльсынкі Дзьмітры Калдун, які заняў 6-е месца. Іншыя спробы былі няўдалымі для беларусаў. Летась Пётар Ялфімаў у фінал не прайшоў, заняўшы ў сваім паўфінале 13-е месца. 13-й была і Анжаліка Агурбаш у 2005-м. Два гады таму Руслан Аляхно быў у паўфінале 17-м, у 2006-м Паліна Смолава — перадапошняй (22-е месца). За кошт чаго дасягнуты посьпехгэтага году?

Галоўны рэдактар газэты "Антенна" Сяргей Маліноўскі выказаў такое меркаваньне:
радусаваньне вельмі граматнае было ...

"Відавочна, што патрачана вельмі шмат грошай. Адразу ж прыходзіць у галаву параўнаньне з Анжалікай Агурбаш, праўда, там было патрачана разоў у 5 больш, я думаю. Але Агурбаш не хапала таленту, не хапіла вакальных дадзеных. Прадусаваньне вельмі граматнае было, на мой погляд. ОНТ усё рабіла так, як трэба. І ў гэтым прычына".

Прадусару Максіму Алейнікаву вельмі спадабалася сама кампазыцыя расейца Макса Фадзеева "Butterflies" на верш польскай паэткі Малькі Чаплін. Што да калектыву, ён лічыць, што "Тры плюс два" — не эстрадныя выканаўцы:
іх песьня надзвычай удалая ...

"Яны ня ўмеюць сьпяваць не клясычныя песьні, ім не хапае нейкай унутранай спружыны, з майго пункту гледжаньня. Адным словам, гэта сьпевакі адназначна не эстраднай скіраванасьці. Але іх песьня надзвычай удалая. Мала таго, што яна сама па сабе вельмі прыгожая, яна прадугледжвае менавіта такое выкананьне. Гэтая песьня дазволіла паказаць выканаўцам тое, што яны ўмеюць максымальна добра".

Кампазытар Леанід Шырын быў аўтарам кампазыцыі, зь якой выступаў леташні ўдзельнік "Эўрабачаньня" Пётар Ялфімаў. Ён аказаўся нешматслоўным:
атачэньне не было моцным ...

"Першае, што кінулася ў вочы, калі я паглядзеў папярэдне тыя кампазыцыі, што трапілі ў паўфінал, — яны мне не падаліся дастаткова цікавымі, атачэньне не было моцным. Дакладна можна сказаць, што музычны матэрыял у паўфінале адназначна слабы. Ну, а пра астатняе... Мне як аўтару папярэдняй песьні некарэктна гэта абмяркоўваць".

Якія шанцы маюць беларусы ў фінале, дзе ў "3+2" будзе 24 канкурэнты — па 10 пераможцаў двух паўфіналаў, 4 прадстаўнікі сталых краінаў-удзельніц (Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Гішпаніі), а таксама Нарвэгіі, як пераможцы леташняга "Эўрабачаньня"? Прадусар Максім Алейнікаў мяркуе:

"Калі б канкурэнты засталіся гэтымі самымі, гэтая песьня адназначна б увайшла ў тройку прызэраў. Паколькі астатніх канкурэнтаў я пакуль ня бачыў, нічога іншага сказаць не магу".

Галоўны рэдактар газэты "Антенна" Сяргей Маліноўскі кажа:

"Я мяркую, што наша праграма-максымум — трапіць у "дзясятку". На большае спадзявацца, канечне, ня варта, бо шмат песень таго стылю "эўра-дэнс", якія летам будуць вельмі папулярныя, іх будуць слухаць ва ўсім сьвеце. Але наўрад ці нашу песьню будуць слухаць, тут трэба глядзець аб'ектыўна. Але калі яны трапяць у дзясятку, гэта будзе вялізная перамога для нас".

У фінале 29 траўня Беларусь выступіць пад 9-м нумарам. У складзе гурту "3+2" — Арцём Міхаленка, сёстры-блізьняты Алена і Нінэль Карповіч, Юлія Шышко і Егіазар Фарашан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG