14 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у саміце кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Прэсавая служба беларускага прэзыдэнта заявіла, што кіраўнік краіны ў гэтым “ня бачыць сэнсу”. Гэта адбылося на знак пратэсту супраць распачатай Масквою гэтак званай “малочнай вайны”. На думку афіцыйнага Менску, яна падрывае асновы бясьпекі краіны.
У часе саміту АДКБ прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў: “Я ўпэўнены, што беларускі бок ацэніць усе перавагі вяртаньня да сяброўства ў АДКБ і падпісаньня дамовы аб Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня. Таму я спадзяюся, што гэтая мяса-малочная гістэрыка не сапсуе працы што да Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня і для самой Беларусі”.
Спадар Яцкевіч: “Я вельмі ўдзячны Мядзьведзеву і хачу яму перадаць вялікае дзякуй, што ён паставіў на месца — малайчына. А які саюзьнічак Рыгоравіч наш, цяпер даведаецца ўвесь сьвет”.
Наш слухач цікавіцца:
Спадар: “Хачу задаць пытаньне. Беларусь атрымала крэдыты ад Эўропы і ад Расеі. А як гэта на практыцы? Прывозіцца валіза з грашыма ці на банкаўскі рахунак пераводзіцца нейкая сума грошай?”
На пытаньне адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:
“Калі крэдыт атрымлівае дзяржава, грошы паступаюць на рахунак Мінфіну. Калі пазыку бярэ Нацыянальны банк, тады гэта ідзе на рахункі Нацыянальнага банку. Калі гэта прадпрыемствы і камэрцыйныя банкі, адпаведна, грошы паступаюць на іхныя рахункі. Ніхто ніякіх грошай ня возіць. У сучасным сьвеце ўсе разьлікі ідуць безнаяўнымі грашыма”.
Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:
Спадарыня: “Гэта вам звоняць з Кіраўскага раёну, вёска Старыя Дваранінавічы, Паўлаўскі сельсавет. У нас такая праблема: вельмі шмат гразі на вуліцы. Зараз калгасныя машыны ішлі, абліваюць з ног да галавы, немагчыма выйсьці на вуліцу. Калгасу дарога ня трэба, старшыню ня трэба, ніхто нічога ня робіць, а калгасная тэхніка ходзіць. Нам на вуліцу ня выйсьці, свая машына на дарогу выехаць ня можа, немагчыма жыць. Зараз такі сэзон, дажджы, такія ямы па дарозе, што немагчыма выйсьці. Дапамажыце нам што-небудзь зрабіць. Ужо нікому ня трэба, ні райвыканкаму, ні старшыню. Нікому”.
Па тлумачэньне я патэлефанаваў у Паўлаўскі сельсавет Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Адказвае сакратар сельсавету Натальля Еўдакімава:
“Дзесьці грэйдэр пройдзе, параўняе — усе нармальна. А зараз прайшлі моцныя дажджы. А там палі і гаспадарчыя дарогі, можа, дарогі і разьбілі. Можа, дарога і патрабуе нейкай падсыпкі. Але мы, сельскі савет, з нашым бедным бюджэтам нічога зрабіць ня можам. Трэба выходзіць з запытам на раённы ўзровень”.
Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:
Бабуля Вера, 75 год: “Боль і крык душы. Вярніце, калі ласка, ільготы на лекі. Для сямідзесяцігадовых людзей — дзяцей вайны. Спыніце абдзіралаўку старых, непамерныя кошты на пратэзы і на “Карэгу” ўжо бяз сораму падымаюць кожныя два тыдні. Калі ласка, дапамажыце, абнародуйце!”
Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.