У Менск прыехала дэлегацыя БДІПЧ, але ня тая, якой чакаюць у Цэнтравыбаркаме

Moldova - ODIHR, logo, 06Jun2011

Дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ на чале з кіраўніком дэпартамэнту па дэмакратызацыі Марцінам Валецкім 20 студзеня пачала працоўны візыт у Беларусь.

Сёньня прадстаўнікі БДІПЧ правялі перамовы з начальнікам упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзянісам Сідарэнкам, паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства краіны.

«Падчас сустрэчы адбыўся абмен думкамі аб разьвіцьці практычнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і БДІПЧ АБСЭ, уключаючы рэалізацыю сумесных праектаў у галіне чалавечага вымярэньня. У прыватнасьці, абмеркаваныя пэрспэктывы правядзеньня ў 2016 годзе ў Менску сэмінара-трэнінгу па праблематыцы міжнародных стандартаў правасудзьдзя, а таксама міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай пытаньням удзелу жанчын у палітычным жыцьці».

Дэлегацыя з Варшавы (а менавіта тут месьціцца штаб-кватэра БДІПЧ АБСЭ) таксама мае намер правесьці сустрэчы ў Вярхоўным Судзе, Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, БДУ, Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў прадстаўнікоў БДІПЧ чамусьці ня будзе размоваў у Цэнтральнай выбарчай камісіі. Па тлумачэньне Свабода зьвярнулася да сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка:

«Так, з гэтай дэлегацыяй у нас сустрэча не прадугледжана. Справа ў тым, што яна займаецца больш шырокімі праблемамі, а не непасрэдна арганізацыяй і правядзеньнем выбараў.

А вось на наступным тыдні, а дакладней — 28 студзеня, у Беларусі будзе іншая дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. З гэтай групай мы і будзем сустракацца. Непасрэдна зь імі ў нас і пойдзе размова пра выбарчае заканадаўства і выбарчы працэс».Мікалай Лазавік сказаў, што дагэтуль БДІПЧ не прыслаў у Менск канчатковую справаздачу аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ён удакладніў, што пакуль існуе толькі папярэдняя справаздача.