Сейм Літвы прагаласаваў за выхад з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў

Папярэджаньне аб мінах па-ўкраінску. Ілюстрацыйнае фота

Аналягічныя рашэньні прымаюць яшчэ некалькі краін, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю.

Дамова забараняе ўдзельнікам распрацоўваць, выкарыстоўваць, захоўваць і перадаваць гэты від зброі. Рашэньне аб выхадзе прынялі яшчэ некалькі краін, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю.

За выхад з канвэнцыі прагаласавалі 107 літоўскіх дэпутатаў, устрымаліся трое, галасоў супраць не было. Рашэньне набудзе моц праз шэсьць месяцаў.

У 2025 годзе аб намеры выйсьці з дамовы паведамілі ўсе краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя. Усе гэтыя дзяржавы мяжуюць з Расеяй, якая ніколі не далучалася да забароны. Краіны патлумачылі гэты крок сытуацыяй з бясьпекай у рэгіёне, якая для краін NATO пагоршылася.

У сакавіку Літва выйшла з канвэнцыі аб касэтных боепрыпасах, якая забараняе такі від зброі. У Вільні заявілі, што для «стрымліваньня патэнцыйнага агрэсара трэба залучаць усе даступныя сродкі». Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі абодва рашэньні.

Атаўская канвэнцыя была падпісаная ў 1997 і набыла моц у 1999 годзе. Амаль тры дзясяткі краін не далучыліся да яе, у тым ліку некаторыя асноўныя цяперашнія і мінулыя вытворцы і карыстальнікі наземных мінаў, такія як ЗША, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Расея.

У апублікаванай летась справаздачы міжнародны назіральны орган Landmine Monitor заявіў, што наземныя міны ўсё яшчэ актыўна выкарыстоўвалі ў 2023 і 2024 гадах Расея, М’янма, Іран і Паўночная Карэя.

А што ў Беларусі

Беларусь далучылася да Атаўскай канвэнцыі ў 2003 годзе. У сьнежні 2010 году Беларусь падпісала кантракт з гішпанскай фірмай на зьнішчэньне сваіх мінных запасаў цягам 28 месяцаў.

У 2017 годзе Беларусь канчаткова пазбавілася свайго міннага арсэналу, такім чынам выканаўшы абавязаньні ў рамках Атаўскай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, заяўляў намесьнік начальніка ўпраўленьня міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі МЗС Беларусі Мікалай Аўсянка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік расейскай выведкі Нарышкін на сустрэчы з Лукашэнкам выказаў пагрозы на адрас краін Балтыі і Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда адказаў на пагрозы Нарышкіна на адрас Польшчы і краін Балтыі, якія прагучалі ў Менску