Парашэнка заяўляе пра гатоўнасьць да перамоваў з Пуціным пры ўмове выкананьня менскіх пагадненьняў

Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Умовай працягу перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным зьяўляецца няўхільнае выкананьне менскіх дамоўленасьцяў, заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, паведамляе Інтэрфакс.

«Калі будзе неабходна, для мяне няма ніякіх праблем, каб размова, якая была ў Менску, была працягнута. Але для гэтага ёсьць пэўныя базавыя прынцыпы: менскія дамоўленасьці, якія былі складзеныя з удзелам РФ, павінны няўхільна выконвацца», — сказаў Пятро Парашэнка журналістам ў Харкаве ў чацьвер.

Ён падкрэсьліў, што першачарговай умовай зьяўляецца спыненьне агню: «Мы павінны забясьпечыць, нарэшце, спыненьне агню. Ва ўкраінскім небе і на ўкраінскай зямлі не павінны гучаць стрэлы».

Што да заявы першага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Краўчука пра неабходнасьць перамоваў з Пуціным сам-насам, Парашэнка адзначыў:

«У нас няма недахопу ў зносінах з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Апошнія мае асабістыя зносіны былі вельмі доўгімі. Яны доўжыліся 18 гадзін», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Ён таксама заявіў, што Ўкраіна гатовая адвесьці танкі ад лініі судакрананьня ў Данбасе, і адпаведная прапанова была агучана ў сумесным маніторынгавым цэнтры.

Парашэнка казаў і пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх закладнікаў: «На сёньня ў нас больш за 400 закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў жудасных умовах як на часова акупаваных тэрыторыях, так і на тэрыторыі РФ», — сказаў ён.

Менскія дамоўленасьці прадугледжваюць забесьпячэньне эфэктыўнай дзейнасьці сумеснай маніторынгавай місіі: «Інспэктары павінны мець бесьперашкодны і бясьпечны доступ на любую тэрыторыю, якую яны хочуць пракантраляваць», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.